Малітвы праз заступніцтва св. Дамініка Савіо

  • Аб ласцы мацярынства

    Божа, Ты надзяліў святога Дамініка Савіо, выхаванца святога Яна Боско і любімага сына Маці Божай, дарам аберагаць матуляў ў небяспецы і цяжкасцях іх паклікання. Адары мяне праз яго заступніцтва доўгачаканаю ласкаю мацярынства. З глыбокаю вераю прашу Цябе разам з маім мужам аб гэтым вялікім дары праз заступніцтва Марыі, Маці Твайго Сына і нашай Маці, а таксама святога Дамініка Савіа, апекуна ўсіх маці. Амэн.
  • Малітва маці, якая чакае нараджэння дзіцяці

    Пане Езу, малюся да Цябе з любоўю за гэтае даверанае мне жыццё, якое я нашу ў сваім улонні. Пакорна дзякую за тое, што Ты выбраў мяне як прыладу Тваёй любові. Дапамажы мне ў гэтым цудоўным чаканні няспынна аддавацца Тваёй святой волі. Зрабі маё сэрца чыстым, моцным і шчодрым. Ахвярую Табе свой неспакой за будучыню: свае страхі, няўпэўненасць, спадзяванні адносна дзіцяці, якога яшчэ не ведаю. Учыні, каб яно нарадзілася здаровае, аддалі ад яго ўсялякае зло і небяспеку. Марыя, Ты спазнала незлічоныя радасці святога мацярынства, учыні, каб маё сэрца было здольнае перадаваць жывую і гарачую веру. Асвяці маё чаканне, благаславі маю ціхую надзею, дапамажы, каб плод майго ўлоння ўзрастаў у ласцы і святасці. Праз Хрыста, Твайго Боскага Сына. Амэн.
  • Абяцанне маці св. Дамініку Савіо

    Паколькі маім вялікім абавязкам з’яўляецца хрысціянскае выхаванне дзяцей, з гэтага моманту даручаю іх святому Дамініку Савіа, каб ён быў для іх апекуном на працягу ўсяго іх жыцця. Таму абяцаю: — вучыць дзяцей любіць Езуса і Маці Божую праз штодзённую малітву, удзел у нядзельнай Эўхарыстыі, прыняцце святых сакрамэнтаў; — ахоўваць іх чыстасць, трымаючы далёка ад неадпаведных кніг і часопісаў, відовішчаў і дрэннага таварыства; — дбаць пра іх хрысціянскую фармацыю праз навучанне катэхізісу; — не супраціўляцца Божым знакам, калі дзіця будзе пакліканае да святарства ці манаскага жыцця.
  • Аб ласцы святасці

    Умілаваны святы Дамінік Савіо, з даверам аддаюся ў твае рукі. Праз любоў Езуса, якая абрала цябе і ўчыніла святым, прашу, маліся за мяне, каб так, як Ён прывёў цябе да неба, у адпаведным часе забраў туды і мяне. Прашу цябе, выпрасі для мяне сем вялікіх дароў, якія зробяць маё сэрца ахвотным і здольным да веры і цнотаў. Выпрасі для мяне дар мудрасці, каб я заўсёды выбіраў неба, а не марнасць зямлі, і адрозніваў праўду ад фальшу; дар розуму, які ўмацуе ў маім розуме таямніцы Божага слова; дар рады, каб я ўмеў знаходзіць сапраўдны шлях сярод цяжкасцяў жыцця; дар мужнасці, каб усімі маімі намаганнямі кіравала шчырае жаданне Божай хвалы; дар пабожнасці, каб я быў пабожны і засяроджаны; дар боязі Божай, каб сярод усіх благаслаўленняў, якія сыходзяць на мяне, я захаваў раўнавагу і аддаваў хвалу Богу. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
  • Малітва міністранта да св. Дамініка Савіо

    Святы Дамінік Савіо, сябра міністрантаў і нябесны заступнік дзяцей і моладзі! Тваё нядоўгае жыццё было напоўнена вернасцю і любоўю да Хрыста. Ужо з сямі гадоў ты прыслугоўваў каля Божага алтара, прагнучы быць як мага бліжэй да эўхарыстычнай Ахвяры нашага Збаўцы, каб праслаўляць і хваліць Яго. У араторыі святога Яна Боско ты зразумеў, што вядзе да сапраўднай святасці, і неадкладна ступіў на гэты шлях. Тваімі прынцыпамі сталі добрае выкананне сваіх абавязкаў, шчырая радасць і добразычлівасць да бліжніх. Стаўшы сябрам Езуса, ты распаўсюджваў Яго волю і нёс усім радасную вестку пра тое, што Бог нас любіць і чакае ў небе. З пакораю звяртаюся да цябе, выпрасі для мяне ў Бога ласку вернасці міністранцкаму пакліканню, якім адарыў мяне ўсемагутны Бог, каб я з пабожнасцю служыў каля алтара Пана і засяроджана перажываў вялікую таямніцу Хрыстовай Ахвяры, якая здзяйсняецца падчас кожнай святой Імшы. Няхай тваё заступніцтва распаліць у маім сэрцы шчырае прагненне стаць святым, каб я з радасцю даваў добры прыклад іншым, нывучы паводле Божых запаведзяў, і абвяшчаў сваім жыццём перамогу ўваскрослага Хрыста над смерцю і грахом. Амэн.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Літанія да св. Дамініка Савіо