Найсвяцейшая і Беззаганная Дзева Марыя, наша найчулейшая Маці і магутная Успамога Хрысціянаў, мы цалкам прысвячаем сябе Табе, каб Ты прывяла нас да Пана.
Ахвяруем Табе нашыя думкі, сэрцы і пачуцці, целы і ўсе свае сілы і памкненні, абяцаем заўсёды дзейнічаць дзеля большай хвалы Божай і дзеля збаўлення душ.
О непараўнальная Панна, Ты заўсёды была Маці Касцёла і Успамогаю вернага народу, не пераставай ёю быць ніколі, асабліва ў нашыя часы. Асвячай і ўмацоўвай біскупаў і прэзбітэраў, заўсёды трымай іх у еднасці і паслухмянасці Папу Рымскаму, беспамылковаму абвяшчальніку праўды; абуджай но выя святарскія і манаскія пакліканні,каб праз іх пасрэдніцтва Валадарства Езуса Хрыста ўмацоўвалася сярод нас, пашыраючыся аж да краю зямлі.
Просім Цябе таксама, найлепшая Маці, атуляй сваім любячым позіркам моладзь, якая падвяргаецца вялікай небяспецы, а таксама бедных грэшнікаў і канаючых. Будзь для ўсіх, о Марыя, салодкаю надзеяй, Маці Міласэрнасці і Брамаю нябеснай.
Просім Цябе таксама за нас саміх, о магутная Маці Бога. Навучы нас наследаваць Твае цноты, асабліва анёльскую сціпласць, глыбокую пакору і палымяную любоў.
Учыні, о Марыя Успамога, каб усе мы збіраліся пад Тваім мацярынскім плашчом, каб у спакусах з даверам заклікалі Цябе. Няхай думкі пра Цябе, такую добрую, любячую, дарагую, і ўспамін пра Тваю любоў, якую Ты праяўляеш да сваіх прыхільнікаў, дададуць нам сілы ў пераможнай барацьбе супраць ворагаў нашай душы ў жыцці і ў хвіліну смерці, каб мы маглі радавацца разам з Табою ў чаканым раі.
Амэн.