Навэнна да Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў

(Традыцыйная)

  • Першы дзень

    О Найсвяцейшая Панна Марыя, магутная Успамога Хрысціянаў, якія з даверам звяртаюцца да трона Тваёй міласэрнасці! Пачуй просьбы свайго народу, які просіць Цябе аб дапамозе, патрэбнай для пазбягання граху і ўсялякіх абставінаў, якія вядуць да яго. Амэн.
  • Другі дзень

    О Найсвяцейшая Панна Марыя, непераможная Каралева і Маці Касцёла! На працягу вякоў Ты бяспечна кіравала яго лодкаю пачас страшных бураў, учыні, каб як мага хутчэй знікліўсе падзелы сярод веруючых і хутка настала адна аўчарня і адзін Пастыр, Твой Сын Езус Хрыстус. Амэн.
  • Трэці дзень

    О Марыя, любімая Маці! Ты была магутнаю апякункаю Пія VII і іншых Папаў аж да сённяшняга дня. Ахіні плашчом мацярынскай апекі наступніка Хрыста на зямлі — Святога Айца. Нястомна ахоўвай яго падчас небяспекі, распалі ў ім агонь духа, будзь для яго Натхняльніцаю і Правадніцаю, каб ён мог паяднаць усіх людзей добрай волі ў Хрыстовым Касцёле. Амэн.
  • Чацвёрты дзень

    О Марыя, Каралева Апосталаў! Вазьмі пад сваю магутную апеку біскупаў, прэзбітэраў і ўвесь верны народ. Выпрасі для іх дух еднасці, дасканалай паслухмянасці Святому Айцу і сапраўднага клопату пра збаўленне душ. Перадусім шчыра апякуйся місіянерамі, каб іх служэнне спрычынілася да ўмацавання Божага Валадарства на зямлі, да праслаўлення Бога і збаўлення ўсіх у небе. Амэн.
  • Пяты дзень

    О Найсвяцейшая Панна Марыя, Каралева мучанікаў! Падчас свайго зямнога жыцця Ты спазнала вялікія цярпенні, умацуй нашую волю ў верным служэнні Табе, каб мы адважна і пераканана спаўнялі свае рэлігійныя абавязкі і заўсёды былі Тваімі вернымі дзецьмі. Амэн
  • Шосты дзень

    О Марыя Успамога Хрысціянаў! Выпрасі для нас ласку, каб мы вытрывалі ў святой веры і захавалі ў сабе свабоду дзяцей Божых. У сваю чаргу абяцаем Табе прыкласці ўсе намаганні, каб нашае жыццё было нястомнаю ахвяраю для Бога, нашага Айца, ахвяраю, што мы будзем прыносіць праз Езуса, Твайго Сына, які гарантаваў нам вечнае збаўленне. Амэн.
  • Сёмы дзень

    О Найсвяцейшая Панна Марыя, ласкавая і літасцівая Маці! Сваім дзейсным заступніцтвам Ты не раз вызваляла хрысціянскі народ ад жыццёвых няшчасцяў і зямных пакаранняў. Ратуй нас ад напасці бязвер’я і вольнасці звычаяў, зза якіх душы становяцца абыякавымі і аддаляюцца ад Бога. Умацоўвай добрых, падтрымлівай слабых, пакліч да пакаяння закаранелых грэшнікаў. Амэн.
  • Восьмы дзень

    О Найсвяцейшая Панна Марыя, найласкавейшая Маці Божага Сына! Пачуўшы вестку аб Яго смерці, Ты з трывогаю сумавала па Ім тры дні, просім Цябе, глянь вокам сваёй матчынай любові на нашых дзяцей і моладзь. Надзейная Успамога ў справах выхавання, вядзі маладое пакаленне да Езуса Хрыста, дапамагай моладзі расці ў атмасферы праўды і любові і захавай ад граху. Амэн.
  • Дзявяты дзень

    О Марыя, Найласкавейшая Маці! Ва ўсе часы Ты была Успамогаю Хрысціянаў, атулі нас сваёю чулаю апекаю пры жыцці і асабліва — у хвіліну нашай смерці. Учыні, каб мы, любячы і ўшаноўваючы Цябе на зямлі, маглі праслаўляць Тваю міласэрнасць у небе. Амэн.
Кожны дзень навэнны молімся:

Вітай, Марыя... Хвала Айцу... Марыя Успамога Хрысціянаў, — маліся за нас.

С.: Дазволь нам праслаўляць Цябе, о святая Панна, Н.: Дай нам сілу супраць непрыяцеляў Тваіх.

Молімся: Усемагутны і міласэрны Божа, для абароны хрысціянскага народу Ты прызначыў благаслаўлёную Панну Марыю нашай вечнай памочніцай. Просім, учыні ласкава, каб, падтрыманыя Яе апекаю, змагаючыся пры жыцці і ў хвіліну смерці, мы маглі атрымаць перамогу над непрыяцелямі нашага збаўлення. Н.: Амэн.