Акт прысвячэння сябе Маці Божай як сваёй Маці

Пане мой, Езу Хрыстэ, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, Цябе прызнаю і ўшаноўваю як мой пачатак і маю канчатковую мэту. Прашу, каб Ты, маючы на ўвазе маё дабро, пажадаў і да мяне скіраваць таямнічыя і поўныя любові словы запавету, якія Ты прамовіў на крыжы і праз якія адарыў свайго любімага апостала Яна вялікаю годнасцю і тытулам сына Тваёй Маці Марыі. Паўтары Ёй, маючы на ўвазе таксама мяне, гэтыя словы: «Жанчына, вось сын Твой».

Марыя, дай мне ласку, каб я мог належаць Табе як Тваё дзіця, прызнаючы ў Табе сваю Маці на працягу ўсяго майго жыцця. Благаслаўлёная Дзева Марыя, мая Апякунка і Пасрэдніца, я, N. (назваць імя), цалкам даручаю сябе Тваёй дабрыні і міласэрнасці. Напоўнены моцным жаданнем пераймаць Твае дзівосныя цноты, выбіраю сёння Цябе за сваю Маці і прашу, пажадай залічыць мяне да кола Тваіх дарагіх сыноў. Аддаю Табе ўсяго сябе дарэшты і беззваротна. Прашу Цябе, прымі гэтую ахвяру і ласкава глянь на дзіцячы давер, з якім я гэта раблю. Атуляй мяне мацярынскаю апекаю на працягу ўсяго жыцця, асабліва ў хвіліну смерці, каб мая душа, вызваленая ад путаў цела, перайшла з гэтай даліны слёз да вечнай радасці ў Нябесным Валадарстве.

Амэн.