Малітвы да Марыі Успамогі Хрысціянаў

І

О Марыя, Успамога Хрысціянаў, умілаваная Дачка Спрадвечнага Айца, сам Бог устанавіў Цябе магутнаю дапамогаю для хрысціянскага народу ва ўсіх яго патрэбах — як грамадскіх, так і асабістых. Да Цябе звяртаюцца хворыя ў сваіх цярпеннях, убогія ў нястачы, прыгнечаныя ў смутку, маракі падчас навальніцы, жаўнеры ў грукаце бітваў, падарожнікі ў небяспецы, канаючыя ў агоніі смерці — і ўсе атрымліваюць ад Цябе дапамогу і суцяшэнне. Выслухай ласкава і маю малітву, о найлітасцівейшая Маці. Агарні мяне плашчом сваёй апекі, атулі мяне сваёю дабрынёю і міласэрнасцю ва ўсіх маіх патрэбах, вызвалі ад усялякага зла, і выпрасі для мяне ласкі, неабходныя ў жыцці і ў час смерці. Амэн.

ІІ

О Марыя Успамога, годная Маці Божага Збаўцы, якая ж магутная Твая дапамога хрысціянскаму народу! Ты перамагла ерасі і з трыумфам вывела Касцёл з самых небяспечных змаганняў. Дзякуючы Табе асобныя людзі і цэлыя сем’і не толькі былі вызваленыя, але і неаднойчы ўратаваныя ад найстрашнейшых няшчасцяў. Дастаткова толькі папрасіць Тваёй дапамогі, як вораг у паніцы ўцякае, хваробы знікаюць, і нават смерць мусіць адступіцца ад сваёй ахвяры. Няхай жа адновіцца ўва мне давер да Цябе, Марыя, каб у кожнай сваёй патрэбе я таксама мог адчуць на сабе, што Ты сапраўды з’яўляешся Успамогаю тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, Абаронцаю пераследаваных, Аздараўленнем хворых, Суцяшэннем прыгнечаных, Прытулкам для грэшнікаў і Вытрымкаю справядлівых. Амэн.

ІІІ

О Марыя Успамога, наймілейшая абранніца Духа Святога, умілаваная Маці хрысціянаў. Прашу, дапамажы мне, вырві мяне з путаў граху і пастак ворагаў душы і цела. Аддалі ад мяне кары, якія я заслужыў зза сваіх правінаў. Учыні, каб у кожнай патрэбе я спазнаў плён Тваёй любові і сілы. Умілаваная Маці нашая, як жа я прагну сузіраць Тваё аблічча ў нябесным шчасці. На жаль, адчуваю, што зза сваіх грахоў я, магчыма, не заслугоўваю гэтай радасці. Не дапусці гэтага вялікага няшчасця. Выпрасі для мяне ў Езуса шчыры жаль за зло, учыненае мною, і ласку добрай споведзі, каб я мог у супакоі перажыць усе дні майго жыцця, мець благаслаўлёную смерць і ўрэшце атрымаць у небе шчасце разам з Табою радавацца вечнаму паяднанню з Богам. Амэн.