Навэнна да Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў (Урачыстая)

ГІМН

С.: Перад абліччам магутнай і добрай нашай Маці Успамогі Хрысціянаў, з пачуццём удзячнасці за ўсе ласкі, якія на працягу стагоддзяў Яна выпрошвала для святога Касцёла, усведамляючы Яе мацярынскі клопат пра кожную людскую душу і Яе дзейсную дапамогу ў нашых патрэбах і цярпеннях, узносім сёння да Марыі гімн хвалы і падзякі.

С.: О Марыя, Успамога Касцёла ў змаганні,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Апякунка чуйная намесніка
Хрыстовага, папы N. (назваць імя),
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Успамога вернікаў у змаганні
з ворагамі Божага Валадарства,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Маці наймілейшая церпячых і бедных,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.

  • Першы дзень

    1. ГІМН 2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ Молімся за святы Касцёл і Святога Айца. С.: Просім Цябе Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, благаславі святы Касцёл і ўсіх вернікаў, якія трываюць у еднасці са Святым Айцом; аб’яднай падзеленых братоў з Намеснікам Хрыста; асвяці ўсіх няверных праўдаю Евангелля. 3. ПРОСЬБЫ
    • С.: Каб Божы Касцёл верна выконваў місію навучання і збаўлення народаў.
    • Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.
    • — Каб Святы Айцец N. (назваць імя), біскупы і прэзбітэры апекаваліся даверанай ім аўчарняй Хрыстовай.
    • — Каб Марыя была магутнаю Валадаркаю і натхненнем Святога Айца.
    • — Каб адлучаныя хрысціянскія Касцёлы вярнуліся да еднасці са Святым Айцом.
    • — Каб мясцовы Касцёл аддана служыў Богу і Айчыне.
    • — Май ласку выслухаць нашыя просьбы.
    4. МАЛІТВА С.: О Марыя, магутная і надзейная Абарона Касцёла, цудоўная Успамога Хрысціянаў. Ты, як кажа святы Амброзій, з’яўляешся першавобразам Касцёла ў веры, любові і поўным паяднанні з Хрыстом. Просім Цябе праз Тваю найчысцейшую любоў да Езуса Хрыста, ахіні плашчом сваёй апекі ўвесь Касцёл, асабліва Святога Айца N. (назваць імя). Барані яго ад пагрозаў шматлікіх ворагаў. Будзь яму абаронным шчытом і натхненнем на шляху, па якім ён вядзе зямных пілігрымаў да вечнасці. Будзь чулаю Маці для ўсіх біскупаў, прэзбітэраў, людзей, якія прысвяцілі сябе Богу, і для вернага хрысціянскага народу. Выпрошвай для іх дух еднасці са Святым Айцом N. (назваць імя). Наблізь, о ўсемагутная Успамога, дзень, у якім вернуцца да еднасці з Папам усе адлучаныя хрысціянскія супольнасці, а народы ўсяго свету збяруцца каля аднаго Пастыра. Абяцаем Табе, Успамога наша, што па прыкладзе св. Яна Боска мы будзем верна трываць у адзінстве з Апостальскаю Сталіцаю, таму што жадаем жыць і паміраць ва ўлонні каталіцкай веры, у якой маем адзіную надзею на вечнае збаўленне. 5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

  • Другі дзень

    1. ГІМН 2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ Молімся за ўсіх веруючых і людзей добрай волі. С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, блаславі ўсіх вернікаў, а людзей добрай волі прывядзі да праўды і збаўлення. Паглядзі на ўсіх, хто змагаецца паміж дабром і злом, паміж святлом і цемраю. Суцеш усіх, абарані ад няшчасцяў і адары ўсялякімі дабротамі. 3. ПРОСЬБЫ
    • С.: Каб Ты для ўсіх людзей была любячаю Успамогаю.
    • Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.
    • — Каб народы свету Ты давяла да пазнання праўды і збаўлення.
    • — Каб Ты берагла нас ад дрэнных учынкаў, нягодных веруючага чалавека.
    • — Каб усе ахрышчаныя сведчылі сваім жыццём пра Хрыста.
    • — Каб веруючыя ў Хрыста клапаціліся пра сваё духоўнае развіццё.
    • — Май ласку выслухаць нашыя просьбы.
    4. МАЛІТВА С.: Марыя, нябесная Успамога, Каралева неба і зямлі. Агарні сваім сэрцам усе народы свету — як хрысціянскія, так і тыя, што пагружаныя ў цемру язычніцтва. Паглядзі на мільярды сваіх дзяцей, якія застаюцца далёка ад Касцёла і Хрыстовай праўды. Пашлі ім руплівых апосталаў веры, каб яны адкрылі ім вочы на святло Евангелля. Ты з’яўляешся Успамогаю веруючых людзей, але не забываеш ні пра кога, хто кіруецца сваім духоўным інстынктам і нібы навобмацак ідзе ў кірунку да Бога, распазнаючы натуральны закон, упісаны ў яго сэрцы. Ва ўсіх распальвай смутак па тым, што добрае, прыгожае і чыстае. Нікога не пакідай. Спяшайся ўсім на дапамогу. Верных Табе дзяцей, якія застаюцца ў еднасці з Касцёлам і Хрыстом, падтрымлівай у імкненні да святасці жыцця. Людзей добрай волі напаўняй сілаю для выканання высакародных учынкаў. Тых, хто заблукаў у грахах, пабуджай да пакаяння і адкрывай іх розумы на Божае святло. 5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

  • Трэці дзень

    1. ГІМН 2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ Молімся аб згодзе і супакоі паміж народамі. С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, з’яднай усе народы ў еднасці і згодзе. Уладарам і кіраўнікам удзялі святло, каб яны ажыццяўлялі сваю ўладу ў духу паша-ны да чалавечых правоў, а падданым дай бяспеку і парадак, каб яны, спакойна працуючы і радуючыся дабрабыту, маглі жыць шчасліва. 3. ПРОСЬБЫ
    • С.: Каб народы зямлі Ты з’яднала ў адну чалавечую сям’ю.
    • Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.
    • — Каб усіх людзей Ты захавала ад вайны, ад крыўды, нянавісці і насілля.
    • — Каб улады разважліва кіравалі сваімі народамі ў духу пашаны да чалавека.
    • — Каб праз справядлівы падзел зямных дабротаў былі забяспечаныя патрэбы ўсіх народаў.
    • — Каб для нашай айчыны Ты выпрасіла духа веры і супакою, узаемаразуменне і любоў адзін да аднаго.
    • — Май ласку выслухаць нашыя просьбы.
    4. МАЛІТВА С.: Найлепшая Маці цудоўнай любові! Праз найдаражэйшае Сэрца Твайго Сына, Князя Супакою, учыні, просім, каб гнеў Яго злагодзіўся і Ён панаваў над светам у любові і супакоі. О Марыя Успамога Хрысціянаў! Паглядзі на гэты свет, які пакутуе ад нянавісці, нячыстых інтарэсаў і эгаістычных памкненняў. І сёння льецца кроў нявінных, стогнуць народы, прыгнечаныя несправядлівасцю, памнажаюцца запасы зброі, якая нясе смерць і разбурэнне. Нянавісць ахоплівае як асобных людзей, так і цэлыя грамадствы. Марыя! Ты адна можаш выпрасіць у Божага Сына ўзаемаразуменне між людзьмі. Няхай любоў і справядлівасць стануць прынцыпам вырашэння спрэчных справаў паміж народамі і дзяржавамі, каб урэшце знік прывід гібелі і разбурэння. Дай нам спакой, якога мы моцна прагнем і які неабходны для свабоднага і паспяховага развіцця. 5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

  • Чацвёрты дзень

    1. ГІМН 2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ Молімся аб вытрымцы ў веры. С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, дай Твайму народу ласку вытрываць у святой веры. Асвячай розумы, распальвай у сэрцах агонь шчырай пабожнасці, а волю схіляй да ўчынкаў, згодных з вучэннем Езуса. 3. ПРОСЬБЫ
    • С.: Каб Ты напоўніла нас духам бясстрашнай веры.
    • Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.
    • — Каб Ты выпрасіла для нас ласку дзейнічаць згодна з Божай воляй.
    • — Каб мы адважна вызнавалі сваю веру ва ўсіх абставінах жыцця.
    • — Каб мы сталі апосталамі нашай веры ў кожным месцы і ў кожным асяроддзі.
    • — Каб мы цанілі сваю веру, як самы вялікі скарб, дадзены Богам.
    • — Май ласку выслухаць нашыя просьбы.
    4. МАЛІТВА С.: О Марыя, Падтрымка Касцёла і Успамога ўсіх вернікаў. Святы Ян Боска паказаў нам Цябе як Апякунку народу, што змагаецца за захаванне сваёй веры. Сёння падступнае зло таксама раніць розумы і сэрцы Тваіх дзяцей, спрабуючы адарваць іх ад Хрыста і Яго збаўчай любові.Успамога верных, умацуй у нас разуменне той вялікай праўды, што чалавек можа дасягнуць шчасця тут, на зямлі, і ў вечнасці толькі праз любоў да веры і яе практыкаванне. Выпрасі для нас у Бога сілу, неабходную для таго, каб мы вытрывалі ў веры нашых бацькоў, у тым ліку ў хвіліны небяспечных спакусаў і чалавечых слабасцяў. 5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

  • Пяты дзень

    1. ГІМН 2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ Молімся аб навяртанні грэшнікаў. С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, каб грэшнікі адумаліся. Прывядзі іх да шчырага пакаяння, адпусці ім правіны, даруй кары, якія яны заслужылі, і ўмацуй іх на шляху да збаўлення. 3. ПРОСЬБЫ
    • С.: Каб усе слабыя і падаючыя ўбачылі ў Табе прытулак грэшнікаў.
    • Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.
    • — Каб тым, хто заблудзіўся на сцежках грэшнага жыцця, Ты паказала
    • шлях да паяднання з Богам.
    • — Каб нас ад бязвер’я, п’янства, нянавісці і несправядлівасці захавала.
    • — Каб Ты дапамагала нам дзейсна змагацца са сваімі дрэннымі схільнасцямі і звычкамі.
    • — Каб кожнае людское сэрца Ты захавала ад няшчасця граху.
    • — Май ласку выслухаць нашыя просьбы.
    4. МАЛІТВА С.: Найсвяцейшая Успамога, Беззаганная Дзева! Цябе адну, як містычны каўчэг, Бог захаваў ад усялякай правіны ў паўсюдным патопе людскога ўпадку. Заслані нас ад хваляў сапсаванасці, якою д’ябал і падступны свет спрабуюць дэмаралізаваць нашыя душы. Каралева, без граху зачатая! Паглядзі літасціва на бедных грэшнікаў, якія паралізаваныя злом, ахопленыя залежнасцямі і дрэннымі звычкамі, бяздумна брыдуць па заганных шляхах, знішчаючы сваё шчасце і падвяргаючы сябе небяспецы страціць вечнае збаўленне. Будзь для іх міласэрнаю Маці, вырві іх з няволі граху і выпрасі слёзы скрухі, якія вядуць да пакаяння. Учыні, о Марыя Успамога, каб мы ўсе звярталіся да Цябе ў хвіліны спакусаў і маральнай небяспекі. Няхай успамін пра Тваю любоў і дабрыню дапаможа нам перамагчы апанаванасць грахом, ілюзіі гэтага свету і падманлівыя нашэптванні ворагаў нашага збаўлення. Стань побач з усімі, хто набліжаецца да смерці, абудзі ў іх сэрцах пачуццё віны за ўчыненае зло, а ў свайго Сына выпрасі для іх ласку вечнага збаўлення. 5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

  • Шосты дзень

    1. ГІМН 2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ Молімся аб Божым благаслаўленні для сем’яў. С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, умацуй сваёй ласкаю жыццё ўсіх нашых сем’яў. Няхай знікнуць з іх звады, сваркі і напружанне, пачуццёвая абыякавасць і неразуменне. Няхай сужэнцы, дзеці і ўсе дамачадцы адорваюць адно аднаго шчыраю любоўю, ствараючы адзінства розумаў, сэрцаў і ўчынкаў. 3. ПРОСЬБЫ
    • С.: Каб Ты была прысутнаю ва ўсіх нашых сем’ях.
    • Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.
    • — Каб члены ўсіх сем’яў адчувалі, што яны паяднаныя між сабою Богам, верай і любоўю.
    • — Каб нашыя сем’і маглі вызваліцца ад п’янства, разводаў, нязгоды і рэлігійнай абыякавасці.
    • — Каб кожны сямейны агмень ззяў радасцю мноства дзяцей, што выхоўваюцца паводле Божых запаведзяў.
    • — Каб узаемаразуменне, павага і су польная праца напаўнялі шчасцем сэрцы ўсіх дамачадцаў.
    • — Май ласку выслухаць нашыя просьбы.
    4. МАЛІТВА С.: Успамога Хрысціянаў, Маці назарэтанскай Сям’і! Атулі сваёй невычэрпнай любоўю ўсе нашыя сем’і і прысутнічай у кожным доме. Сэрцы бацькоў, дзяцей і дамачадцаў напоўні духам супакою, ахвярнай добразычлівасці і ўзаемнай сімпатыі. Вядзі ўсіх па сцежках сумленнай працы, што дзённай малітвы і асвячэння праз удзел у святой Імшы і частай святой Камуніі. Абараняй святасць сужэнства і зачатага жыцця. Кіруй хрысціянскім выхаваннем дзяцей і моладзі. Будзь крыніцаю духоўнай сілы ў хвіліны жыццёвых цяжкасцяў і выпрабаванняў. Палягчай зямныя турботы і падтрымлівай клопат пра хлеб штодзённы. Хворых і церпячых атулі асабліваю ласкаю. Чувай над захаваннем Божага закону і добрых звычаяў. 5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

  • Сёмы дзень

    1. ГІМН 2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ Молімся за дзяцей і моладзь. С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, дазволь дзецям і моладзі прыйсці да Цябе, дапамагай ім адольваць усялякія спакусы і небяспекі. Няхай дзякуючы Тваёй ласцы яны фармуюць у сабе высакародныя характары, ахвярныя сэрцы і розумы, адчувальныя да праўды і дабра. Паглы-бляй у іх Божае жыццё. 3. ПРОСЬБЫ
    • С.: Каб на нашай зямлі заўсёды было шмат дзяцей і моладзі.
    • Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.
    • — Каб маладое пакаленне ўзрастала ў Хрыстовай веры і чысціні звычаяў.
    • — Каб моладзь не паддавалася спакусе рэлігійнай абыякавасці і павярхоўнасці жыцця.
    • — Каб берагла Ты, Маці, душы дзяцей і моладзі ад сапсаванасці і ўсялякай маральнай небяспекі.
    • — Каб у маладых сэрцах палалі вялікія рэлігійныя і нацыянальныя ідэалы.
    • — Май ласку выслухаць нашыя просьбы.
    4. МАЛІТВА Успамога наша, умелая Выхавацелька Езуса ў Назарэце! Святы Ян Боска даў Цябе моладзі як Маці і Настаўніцу, каб Ты ўпэўнена вяла маладых людзей па выбоістых шляхах небяспечных гадоў. Ты найлепей ведаеш маладыя душы, якія, нібы свежыя бутоны ў вясновым садзе, расцвітаюць для жыцця. І ведаеш таксама, з якою лютасцю налятаюць на іх злавесныя віхры сапсаванага свету, марозныя павевы зла і спакусаў. Абарані, о Маці, сваіх дзяцей, якія падаюць і гінуць ад бяссілля і несвядомасці. Засланяй іх сваёй любоўю, улівай у сэрцы Божую мудрасць, суцяшай іх і падбадзёрвай у хвіліны паражэння. Не дазволь ім заблукаць на бездарожжы граху. Захавай ў іх чысціню сумлення, нявіннасць думак і пачуццяў, радасць і шчаслівую ўсмешку. Дай ім моцныя крылы, каб яны ўпэўнена ляцелі да вышыняў высакароднага жыцця. Учыні, каб яны годна крочылі па слядах сваіх прадзедаў, якія на працягу стагоддзяў з вялікім запалам пакланяліся Табе, Багародзіца. 5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

  • Восьмы дзень

    1. ГІМН 2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ Молімся аб шматлікіх святых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця. С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, абудзі ў маладых сэрцах шматлікія святарскія і манаскія пакліканні. Умацоўвай іх сваёю ласкаю, абараняй ад спакусаў і зманлівай прыгажосці свету, напаўняй іх любоўю да Божай справы. 3. ПРОСЬБЫ
    • С.: Каб штораз больш святароў абвяшчала Божае слова і цэлебравала святую Імшу.
    • Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.
    • — Каб як мага больш дзяўчатаў і хлопцаў з нашага асяроддзя былі гатовыя прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу.
    • — Каб хрысціянскія сем’і падтрымлівалі пакліканні, якія абуджаюцца ў іх дзяцей.
    • — Каб святары і кансэкраваныя асобы святасцю свайго жыцця прываблівалі маладых людзей ісці па іх слядах.
    • — Каб семінарысты годна рыхтаваліся да выканання сваіх абавязкаў.
    • — Май ласку выслухаць нашыя просьбы.
    4. МАЛІТВА С.: Дзева Успамога! Прачыстая Маці найвышэйшага Першасвятара Езуса Хрыста! Збаўца свету ўчыніў Цябе Маці ўсіх святароў, калі на Галгоце аддаў любімага вучня Яна Табе за сына. Горача просім Цябе, абуджай і далей новыя святыя пакліканні да святарскага і манаскага жыцця, адорвай іх стараннасцю ў падрыхтоўцы да годнага служэння Богу. Абараняй выбраныя душы, каб яны не страцілі паклікання на сцежкі найвышэйшай дасканаласці. Схіляй волю бацькоў да таго, каб яны з ахвотаю адпускалі сваіх дзяцей ісці па слядах Езуса Хрыста. Будзь для ўсіх пакліканых на службу Божую Заступніцаю і Апякункаю. Дапамагай ім як мага лепш выкарыстоўваць ласкі Божай абранасці. Заступайся за іх перад Сынам, каб яны сталі годнымі слугамі Нябеснага Айца. 5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

  • Дзявяты дзень

    1. ГІМН 2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ Молімся за хворых і церпячых. С.: Просім Цябе Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, узмацні сваёю ласкаю ўсіх хворых і церпячых у іх складанай сітуацыі. Дай ім цярплівасць у перажыванні штодзённага болю, адары супакоем духу і ўлі ў іх сэрцы нязломную надзею на вечную ўзнагароду за ўсялякае цярпенне, перажытае на кальварыйскім шляху зямнога жыцця. 3. ПРОСЬБЫ
    • С.: Каб усім хворым і церпячым Ты несла палёгку і сілу для вытрымкі.
    • Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.
    • — Каб усім спрацаваным Ты дапамагала несці іх крыж штодзённых цярпенняў.
    • — Каб Ты выслухала усіх, хто просіць здароўя і ратунку.
    • — Каб смутныя, расчараваныя і панылыя сэрцы Ты суцешыла і напоўніла супакоем.
    • — Каб усім, змучаным болем, Ты ўліла ў душы надзею на вечную ўзнагароду і збаўленне.
    • — Май ласку выслухаць нашыя просьбы.
    4. МАЛІТВА С.: О Марыя, Аздараўленне хворых і Суцяшальніца засмучаных! Просім Цябе, глянь на цярпенні і хваробы сваіх дзяцей. Твае вочы з мацярынскаю пяшчотаю глядзелі на скрываўленага Езуса. Верым, што гэтыя ж міласэрныя вочы глянуць і на нашыя няшчасці, нястачу і цярпенні, што з чуласцю ахопяць нашыя недамаганні, боль і слёзы. Верым, о Успамога наша, што Твае вочы, якія горка плакалі на гэтай зямлі, глянуць і на нас у гэтай даліне слёз, каб узняць і ўмацаваць нас на нашым кальварыйскім шляху. Ведаем, што Тваё мацярынскае сэрца не застанецца абыякавым да пакутаў і болю Тваіх дзяцей. Таму, да Цябе звяртаючыся і Цябе аб дапамозе просячы, мы не можам быць адкінутымі. 5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

С.: Марыя, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Маліся за нас.
С.: Маліся за нас, Панна, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Усемагутны і міласэрны Божа, Ты для абароны хрысціянаў цудоўным чынам даў нам вечную дапамогу ў благаслаўлёнай Панне Марыі, учыні ласкава, каб мы, Яе апекаю падтрыманыя, змагаючыся пры жыцці, у хвіліну смерці маглі атрымаць перамогу над ворагамі нашага збаўлення. Праз Хрыста, Пана Нашага. Амэн.

Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская).

Гімн «Таямніцу Сакрамэнта» або іншая эўхарыстычная песня.

Молімся: Божа, Ты ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пакінуў нам успамін сваёй мукі, просім Цябе, дапамажы нам так ушаноўваць святыя таямніцы Твайго Цела і Крыві, каб мы заўсёды адчувалі ў сабе плён Твайго адкуплення. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.
Н.: Амэн.

Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.