Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса

Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.

Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.

Сыне, Адкупіцель свету, Божа,

Духу Святы, Божа,

Святая Тройца, адзіны Божа,

Сэрца Езуса, Сына Айца Спрадвечнага, — змілуйся над намі.

Сэрца Езуса, ва ўлонні Дзевы Маці Духам Святым створанае,

Сэрца Езуса, са Словам Божым істотна з’яднанае,

Сэрца Езуса, бязмежнай велічы,

Сэрца Езуса, святыня Бога,

Сэрца Езуса, сяліба Найвышэйшага,

Сэрца Езуса, доме Божы і брама неба,

Сэрца Езуса, палымнеючае вогнішча міласці,

Сэрца Езуса, справядлівасці і любові скарбніца,

Сэрца Езуса, дабрыні і любові поўнае,

Сэрца Езуса, усіх цнотаў глыбіня бяздонная,

Сэрца Езуса, усялякай хвалы найдастойнейшае,

Сэрца Езуса, Валадар і з’яднанне ўсіх сэрцаў,

Сэрца Езуса, у якім усе скарбы мудрасці і ўмеласці,

Сэрца Езуса, у якім уся паўната Боства,

Сэрца Езуса, упадабанне Айца Нябеснага,

Сэрца Езуса, з паўнаты якога мы ўсе атрымалі,

Сэрца Езуса, прага адвечных вышыняў,

Сэрца Езуса, цярплівае і вялікай міласэрнасці,

Сэрца Езуса, шчодрае для ўсіх, хто да Цябе звяртаецца,

Сэрца Езуса, крыніца жыцця і святасці,

Сэрца Езуса, уміласціўленне за грахі нашыя,

Сэрца Езуса, напоўненае знявагамі,

Сэрца Езуса, злачынствамі нашымі змучанае,

Сэрца Езуса, паслухмянае ажно да смерці,

Сэрца Езуса, дзідай прабітае,

Сэрца Езуса, крыніца ўсялякага суцяшэння,

Сэрца Езуса, жыццё і ўваскрашэнне нашае,

Сэрца Езуса, супакой і паяднанне нашае,

Сэрца Езуса, жывая ахвяра за грахі нашыя,

Сэрца Езуса, збаўленне тых, хто на Цябе спадзяецца,

Сэрца Езуса, надзея тых, хто ў Табе памірае,

Сэрца Езуса, радасць усіх святых,

 

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — даруй нам, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — выслухай нас, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — змілуйся над намі.

 

С.: Езу ціхі і пакорны сэрцам,

Н.: Учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі.

 

Молімся: Усемагутны вечны Божа, глянь на Сэрца наймілейшага Сына свайго, на хвалу і ахвяру, якую Ён складае Табе за нас, грэшных. Змілуйся над тымі, хто просіць Тваёй міласэрнасці, і даруй ім у імя Сына свайго Езуса Хрыста. Які з Табою жыве і валадарыць на векі вечныя.

Н.: Амэн.

Прысвячэнне роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

С.: О Езу наймілейшы, Адкупіцель роду людскога, глянь на тых, хто пакорна схіляецца да падножжа Твайго алтара.

Н.: Мы Твая ўласнасць і Табе належаць хочам.

С.: Сёння кожны з нас шчыра аддаецца Найсвяцейшаму Сэрцу Твайму, каб яшчэ больш з’яднацца з Табою. Многія зусім не ведаюць Цябе, многія адвярнуліся ад Цябе, пагарджаючы запаведзямі Тваімі. Змілуйся над аднымі і другімі, о Езу найласкавейшы, і прытулі ўсіх да святога Сэрца свайго. Валадаром будзь нам, о Езу, — не толькі вернікам, якія ніколі не адступіліся ад Цябе, але і сынам марнатраўным, якія Цябе пакінулі.

Н.: Дапамажы, каб як найхутчэй вярнуліся яны ў бацькоўскі дом і не згінулі ад нястачы і голаду.

С.: Будзь Валадаром для тых, хто памылкова ці праз нязгоду адлучыўся ад Цябе, прывядзі іх да прыстанку праўды і адзінства веры, каб хутка настала адна аўчарня і адзін пастыр. Адары Касцёл Твой бяспечнаю свабодаю. Дай усім народам супакой і згоду. Учыні, каб на ўсёй зямлі, ад краю да краю, адзін узносіўся голас.

Н.: Хвала Божаму Сэрцу, праз якое прыйшло для нас збаўленне. Яму хвала і пашана навекі. Амэн.