Навэнна да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса

  • Першы дзень

    З вялікім даверам прыходжу да Цябе, о наймілейшае, айцоўскае Сэрца майго Езуса. Ні адзін бацька, нават самы чулы і клапатлівы, не любіць сваіх дзяцей так, як Ты палюбіў і любіш нас! Як жа часта я засмучаў сваімі грахамі Тваё любячае Сэрца! Адплачваючы Табе няўдзячнасцю, я заслужыў, каб Ты адпрэчыў мяне, як нягодніка. Аднак Ты не перастаў любіць мяне. О Езу, спадзяюся, што Ты не адкінеш мяне цяпер, калі я са скрушаным сэрцам аплакваю каля Тваіх ног свае грахі, абяцаючы: лепш мне памерці, чым вярнуцца да былых правінаў. Падтрымлівай мяне сваёй ласкай, о Найсвяцейшае Сэрца, каб я мог вытрываць у гэтай пастанове. Амэн.
  • Другі дзень

    Мой умілаваны Езус, як жа мяне ўзрушвае думка пра тое, што Ты, з’яўляючыся Богам, прыняў чалавечае цела і такім чынам стаў нашым Братам, каб узвысіць нас да годнасці сыноў Божых! Аднак Твайму братэрскаму Cэрцу гэтага было недастаткова. Яно прагнула падзяліцца з намі спадчынай Нябеснага Валадарства і жадала далучыць нас да ўсіх сваіх справаў. Як жа я ўдзячны Табе за гэта! Ах, мой Езу, я шчыра шкадую, што ранеў быў такім абыякавым да Цябе. Цяпер перапрашаю Цябе і малю праз заслугі Твайго Найсвяцейшага Сэрца, каб дзякуючы Тваёй ласцы я мог у будучыні наследаваць прыклад, які Ты нам пакінуў. Амэн.
  • Трэці дзень

    О наймілейшы мой Езу, хто ж будзе сумнявацца, што атрымае ад Цябе ўсё, аб чым папросіць, ведаючы, што Тваё Сэрца для нас не толькі Сэрца Брата альбо чулага і клапатлівага Айца, але таксама Сэрца ўсемагутнага Валадара, шчодрага і міласэрнага? Колькі разоў я бунтаваўся супраць Цябе! Аднак я не ўпадаю ў роспач, бо памятаю, што Ты, о Езу, бязмежна велікадушны і ласкавы Валадар. Ты заўсёды прабачаеш грэшніку, які з пакораю шкадуе за ўчыненае беззаконне. Таму суцеш мяне, о найлітасцівейшае Сэрца Бога! Прабач мне, падтрымай мяне сваёю ласкаю цяпер, калі я ў скрусе падаю да Тваіх ног і прашу, каб з гэтага моманту ў маім сэрцы валадарыў толькі Ты. Амэн.
  • Чацвёрты дзень

    Да каго мне звяртацца ў разнастайных сваіх патрэбах, калі не да Твайго Найсвяцейшага Сэрца, о Езу, сапраўдны сябар нашых душаў. Ты з такою любоўю нам паўтараеш: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28). На жаль, я так часта памыляўся, ускладаючы надзею на стварэнні, хоць шмат разоў упэўніваўся, што яны непастаянныя і падманлівыя. Аднак, калі я раней учыняў Табе такую крыўду, то ў будучыні буду пазбягаць гэтага і абяцаю, што ва ўсіх патрэбах, сумненнях і цяр пеннях буду звяртацца да Твайго Боскага Сэрца, каб атрымаць святло, апеку і падтрымку. Амэн.
  • Пяты дзень

    Найсвяцейшае Сэрца майго Езуса, Ты любіш нас больш за ўсялякае іншае сэрца! Як жа можа не праслаўляць Цябе мая душа, калі задумаецца над тым, якія вялікія доказы любові яна атрымала ад Цябе? З жалем прызнаюся, што да гэтага часу я вельмі мала адказваў удзячнасцю на Тваю бясконцую любоў, нягодна адварочваўся ад Цябе, выбіраючы марнасць і зямныя задавальненні. Вылечы, добры Езу, нячуйнасць майго сэрца, прабіўшы яго вогненнаю стралою Тваёй любові. Няхай яна знішчыць ува мне ўсялякую іншую любоў, якая не адпавядае волі Твайго Сэрца. Амэн.
  • Шосты дзень

    О любы мой Пане, каб даць нам спазнаць невымоўную веліч Тваёй любові, Твайму наймілейшаму Сэрцу недастаткова было ахвяраваць сваё жыццё на крыжы, прайшоўшы праз велізарныя цярпенні. Ты пажадаў духоўна заручыцца з маёю душою праз містычны саюз: цудатворнаю ўсемагутнасцю сваёю Ты ўстанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт алтара, на якім штодзённа складаеш сябе ў ахвяру за нас і застаешся заўсёды з намі, — у кожную хвіліну, калі толькі мы захочам Цябе прыняць, Ты ўцелаўляешся ў нашых душах і перамяняеш нас у сябе. Не глядзі на маю слепату, з‑за якой я так часта пакідаў Цябе, каб імкнуцца за памылковымі і атрутнымі задавальненнямі. З гэтага часу найбольшаю маёю радасцю будзе прабыванне побач з Табою, скрытым у Найсвяцейшым Сакрамэнце, і частае прыняцце Цябе ў маё ўбогае сэрца. Веру, што Тваё Боскае Сэрца ўдзеліць мне гэтую вялікую ласку. Амэн.
  • Сёмы дзень

    Мае грахі і вялікая няўдзячнасць да Тваёй бясконцай дабрыні павінны былі б пазбавіць мяне мужнасці і пагрузіць у роспач, аднак прыязнасць Твайго Сэрца, мой Збавіцель, абуджае ўва мне надзею і дае суцяшэнне. Я ведаю, што з бясконцай любові да нас Ты сышоў з неба, прыняў чалавечае цела, праліў за нас Найдаражэйшую Кроў і ахвяраваў сваё жыццё на крыжы. Таму я, поўны даверу, звяртаюся да Твайго Сэрца і прашу: праз Твае бязмерныя заслугі выпрасі для мяне ў Спрадвечнага Айца найперш прабачэнне грахоў, ласку шчырага навяртання, трывання ў веры і, нарэшце, гэтую ласку ... (назваць просьбу), якая так мне патрэбна. Амэн.
  • Восьмы дзень

    Пане Езу, недастаткова было, каб з бязмежнай любові, якою палала да нас Тваё Сэрца, Ты памёр на крыжы як Ахвяра перапрашэння за нашыя грахі. Ты дазволіў прабіць дзідаю гэтае поўнае любові Сэрца, каб мы змаглі зазірнуць у Яго глыбіню і здзівіліся з Тваёй невымоўнай любові! Ты падарыў нам, о Езу, гэтае параненае Сэрца. Яно заўсёды адкрытае для нас не толькі для таго, каб мы знаходзілі ў ім прытулак і сховішча ад маланкаў Божай справядлівасці, але каб з гэтай багатай крыніцы ласкаў і міласэрнасці мы чэрпалі дапамогу ва ўсіх сваіх патрэбах. О Езу наймілейшы, прашу Цябе праз Тваё Найсвяцейшае Сэрца, беражы і ратуй мяне ад новых падзенняў; учыні, каб у ціхім прытулку Твайго Сэрца я мог схаваць сваё беднае сэрца навекі. Амэн.
  • Дзявяты дзень

    О Сэрца Езуса, якія ж незлічоныя ласкі я атрымаў ад Цябе! Дык ці магу ж яшчэ сумнявацца ў Тваёй міласэрнасці да мяне? Ніводная маці, нават самая чулая і любячая, не любіць сваіх дзяцей больш, чым Ты любіш нашыя душы. Я не баюся, што Ты адмовіш мне, калі буду звяртацца да Цябе ў нейкай патрэбе. Дай жа мне, о Езу, поўны давер да Цябе. Учыні, каб заўсёды і ўсюды я прымаў Тваю святую волю. Вядзі мяне праз жыццё так, каб усе мае ўчынкі былі скіраваныя на памнажэнне хвалы Твайго Боскага Сэрца на зямлі, а мне праз гэта забяспечылі вечнае жыццё ў небе. Амэн.

Кожны дзень навэнны молімся:

Ойча наш… Хвала Айцу...

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, будзь маім ратункам.

Н.: Амэн.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса »