Навэнна да благаслаўлёных мучанікаў з араторыя ў Познані

  • Першы дзень

    Благаслаўлёныя мучанікі з Познані, вашыя маладыя сэрцы былі поўныя мараў, памкненняў і планаў. Не абміналі вас таксама цяжкасці і выпрабаванні. Аднак вы цалкам прысвяцілі сябе Богу, жывучы паводле наказаў веры і любові. Просім вас пакорна, каб вы шчодра благаславілі нашу моладзь і дзяцей, якія пілігрымуюць па гэтым свеце, поўным цярпенняў і спакусаў. Выпрасіце для іх у Нябеснага Айца ласку вытрываласці ў добрым і моцнае прагненне жыць у еднасці з Хрыстом. Амэн.
  • Другі дзень

    Благаслаўлёныя выхаванцы салезіянскага араторыя, падчас працы і адпачынку, сярод знаёмых і блізкіх вы былі радаснымі апосталамі ўваскрослага Хрыста. Ваша радасць вынікала з чыстага сумлення і адчування выкананых абавязкаў. Моцаю сваёй малітвы аддаліце ад нас смутак і ўсялякую роспач, каб мы, жывучы ў згодзе з Богам і людзьмі, былі для ўсіх прычынаю радасці і супакою. Амэн.
  • Трэці дзень

    Благаслаўлёныя мучанікі, вы бачылі ў Эўхарыстыі крыніцу сілы і вытрымкі, а сярод аднагодкаў распаўсюджвалі практыку частага прыняцця святой Камуніі. Дапамажыце і нам распаліць свае душы полымем любові да Езуса, укрытага пад постаццю эўхарыстычнага Хлеба, каб мы, часта прымаючы Цела Хрыста, праслаўлялі Яго сваім жыццём. Амэн.
  • Чацвёрты дзень

    Благаслаўлёныя хлопцы з араторыя ў Познані, кожнаму з вас былі ўласцівыя працавітасць і ахвярнае служэнне. Вы добра зразумелі, што праз сумленнае і ахвотнае выкананне абавязкаў можна спрычыніцца да Божай хвалы і дапамагчы душам збавіцца.Выпрасіце для нас у Пана дар пастаянства і сумленнасці ў выкананні абавязкаў, якія былі нам даручаны Богам і людзьмі, каб мы ў працы і вучобе бачылі неспасцігальную волю Айца. Амэн.
  • Пяты дзень

    О благаслаўлёныя мучанікі, у познаньскім араторыі вы навучыліся праслаўляць Марыю пад тытулам Успамогі Хрысціянаў. У Яе матчыным сэрцы вы знайшлі дапамогу ў бядзе і вялікую падтрымку ў змаганні са спакусамі.Па вашым прыкладзе мы выбіраем сабе Марыю за Маці і Настаўніцу жыцця. Дапамажыце нам у кожнай патрэбе з дзіцячым даверам звяртацца да Беззаганнай Панны — Успамогі ўсіх, хто просіць у Яе апекі і заступніцтва. Амэн.
  • Шосты дзень

    Верныя патрыёты бацькаўшчыны, вы мелі вялікую любоў да роднай зямлі, таму горача маліліся, каб як найхутчэй ворагі адышлі з яе і перасталі праліваць нявінную кроў. Акрамя таго, вы ўступілі ў тайны рух супрацьстаяння акупантам, каб чынна дапамагаць народу ў вызваленні. Пакорна просім вас, абудзіце ў нашых сэрцах любоў да нашай айчыны, Беларусі, каб мы заўсёды ганарыліся ёю і маліліся за яе, просячы аб вернасці нашага народа хрысціянскім каштоўнасцям. Амэн.
  • Сёмы дзень

    Непахісныя вызнаўцы Хрыста, вы былі сапраўднымі сведкамі каталіцкай веры ў сваім асяроддзі, жылі паводле Божых запаведзяў і баранілі Касцёл, калі яго прыгняталі і ачарнялі. Нават у вязніцы вы маліліся і праводзілі набажэнствы, не раз церпячы за гэта здзекі і пабоі. Выпрасіце для нас у Нябеснага Айца дар моцнай веры, каб мы з адвагаю вызнавалі Бога, Адзінага ў Тройцы, і сваім прыкладам давалі сведчанне Хрыстовай любові там, куды Бог прыводзіць нас кожны дзень. Амэн.
  • Восьмы дзень

    Адважныя мужы сваёй зямлі, вы не баяліся жыццёвых цяжкасцяў і заўсёды з адвагаю крочылі па жыцці, а калі прыйшоў момант выпрабавання, вы выбралі змаганне за свабоду айчыны і веру і ўрэшце мучаніцкай смерцю закончылі сваё жыццё. Просім вас аб дары мужнасці ў пераадольванні цяжкіх сітуацый нашага зямнога жыцця, а таксама аб сіле супрацьстаяць злу і адважна змагацца за каталіцкую веру і Касцёл, калі давядзецца цярпець пераследаванні і ганенні. Амэн.
  • Дзявяты дзень

    Пераможныя мучанікі Хрыстовага крыжа, вы падрыхтаваліся да сваёй смерці праз споведзь і святую Камунію, каб з чыстай душой сустрэць Пана ў нябеснай хвале. Перад гільяцінаю вашыя твары былі поўныя супакою і стрыманасці, што прывяло ў вялікае здзіўленне жаўнераў, якія выконвалі пакаранне. Выпрасіце для нас у Бога ласку добрай смерці, каб мы не адышлі з гэтага свету без пакаяння і паяднання з Богам. Амэн.

Кожны дзень навэнны молімся:

Ойча наш… Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

С.: Маліцеся за нас, благаслаўлёныя мучанікі з Познані.
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых

Молімся: Усемагутны вечны Божа, Ты адарыў благаслаўлёных выхаванцаў познаньскага араторыя сілаю і мужнасцю ў змаганні за каталіцкую веру і свабоду сваёй айчыны, удзялі таксама нам ласку наследвання іх моцнай веры і нязломнай адвагі. Праз Хрыста, Пана нашага.

Н.: Амэн.