Навэнна да бл. Лаўры Вікунья

  • Першы дзень

    Благаслаўлёная Лаўра Вікунья, пазнаўшы Хрыста, ты палюбіла Яго ўсёй душою і пастанавіла жыць на хвалу Яго любячага Сэрца. Навучы і нас сапраўднай любові да нашага нябеснага Настаўніка, каб мы жылі згодна з Божымі запаведзямі і атрымалі вечную ўзнагароду ў Нябесным Валадарстве. Амэн.
  • Другі дзень

    Наймілейшая Лаўра Вікунья, твая вера ў Бога была мацнейшая за прыморскія скалы, якія выстойваюць пад ударамі вялікіх хваляў. Выпрасі для нас у Бога дар моцнай і жывой веры, каб мы з мужнасцю вызнавалі сваю прыналежнасць да Касцёла, а калі прыйдуць выпрабаванні і пераследаванні, засталіся вернымі нашаму Збаўцу. Амэн.
  • Трэці дзень

    Благаслаўлёная Лаўра Вікунья, больш за ўсё ты прагнула як мага хутчэй стаць святой і сузіраць Бога тварам у твар. Твая святасць прамянілася праз сумленнае выкананне штодзённых абавязкаў, у якіх ты бачыла Божую прысутнасць і натхненне. Дапамажы і нам бачыць Хрыста ў нашым штодзённым жыцці, каб мы з ахвотаю і запалам здабывалі неба праз годнае выконванне штодзённых абавязкаў у сям’і, школе і на працы. Амэн.
  • Чацвёрты дзень

    Благаслаўлёная Лаўра, ты сказала: «Лепш мне памерці, чым абразіць Бога грахом; таму выракаюся ўсяго, што магло б аддаліць мяне ад Яго». Углядаючыся ў твой прыклад, просім цябе, выпрасі ў Бога для нас ласку адчуваць агіду да граху. Няхай нашыя сэрцы больш ніколі не імкнуцца да таго, што дае нам асалоду і адавальненне, але адбірае найкаштоўнейшую сувязь з нашым Нябесным Айцом. Амэн.
  • Пяты дзень

    Тваё жыццё, о Лаўра, было пранізана цярпеннем і ахвяраю, а ў пакутах Езуса ты бачыла прыклад і патолю для свайго сэрца. Просім цябе пакорна, выпрасі для нас у Бога дар вернасці жыццёваму крыжу. Няхай успамін пра муку нашага Збаўцы дапамагае нам з пакораю прымаць штодзённыя цярпенні. Амэн.
  • Шосты дзень

    О благаслаўлёная Лаўра, найбольшую радасць твая душа адчувала ў той момант, калі прымала наймілейшага Адкупіцеля, утоенага ў Гостыі. Эўхарыстыя стала для цябе спатканнем, якога ты заўжды радасна чакала, бо гэта было спатканне з тваім Абраннікам. Выпрасі таксама для нас у Бога ласку моцнага прагнення сустрэчы з эўхарыстычным Хрыстом. Дапамажы нам нястомна дбаць пра чысціню нашых душ, каб мы ў кожную хвіліну былі адкрытыя для сустрэчы з нашым Адкупіцелем. Амэн.
  • Сёмы дзень

    НО благаслаўлёная Лаўра, заўсёды і ўсюды ты мела ў сваім сэрцы любоў да Беззаганнай Маці Езуса. Яна стала для цябе не толькі Апякункай і Падтрымкай у цяжкія хвіліны, але і прыкладам для наследавання. Выпрасі ў Найсвяцейшай Марыі Успамогі Хрысціянаў ласкі, патрэбныя нам, каб дайсці да вечнага шчасця. Навучы нас, о Лаўра, з захапленнем углядацца ў найсвяцейшы твар Панны і Багародзіцы, каб мы заўсёды і ўсюды даручалі сябе Яе заступніцтву, асабліва ў хвіліну нашай смерці. Амэн.
  • Восьмы дзень

    О благаслаўлёная Лаўра, як жа моцна балела тваё сэрца, калі твая маці жыла ў граху. Ты не магла спакойна назіраць за тым, як яна не можа прыступаць да стала Вячэры Пана. Сапраўдная любоў да маці і Стварыцеля нарадзіла ў табе жаданне аддаць сваё маладое жыццё ў ахвяру дзеля яе навяртання. Просім цябе, нястомна маліся за нашыя сем’і, каб у іх панавала згода, любоў, узаемапавага, а галоўнае — вера ў Езуса Хрыста. Амэн.
  • Дзявяты дзень

    О райская кветка ў садзе Езуса Хрыста! Ты так палюбіла Сэрца Адкупіцеля, што вырашыла цалкам прысвяціць сябе Яму. З вялікаю мужнасцю ты бараніла цноту нявіннасці. Просім цябе, о Лаўра, выпрасі для нас у Бога ласку вытрываласці ў чыстасці, каб заўсёды і ўсюды мы давалі іншым прыклад стрыманасці і сціпласці: у размовах, убранні і паводзінах. Амэн.

Кожны дзень навэнны молімся:
Ойча наш… Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

С.: Маліся за нас, благаслаўлёная Лаўра Вікунья,
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Ойча бясконцай дабрыні! У маладой Лаўры Вікунья Ты цудоўным чынам спалучыў моц духу і бляск нявіннасці. Просім, праз яе заступніцтва ўдзялі нам мужнасць, каб мы пераадольвалі ўсе жыццёвыя цяжкасці і імкнуліся быць чыстымі сэрцам. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.
Н.: Амэн.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: Малітва да бл. Лаўры Вікунья аб дары святасці жыцця »