Навэнна да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

(Паводле тэксту, складзенага святым Янам Боско)

Кожны дзень на пачатку навэнны выконваецца спеў «Марыя, без грэху зачата».

  • Першы дзень

    О Марыя, Тваю беззаганную чысціню, вечна жывую і пастаянна збаўляючую, сімвалізаваў той дзівосны куст, што палаў на гары Сінай, які гарэў, але не згараў. Моцаю гэтай ласкі Беззаганнага Зачацця падтрымлівай нашае цяжкое змаганне за чысціню сэрца, думак і ўчынкаў, каб мы пераможна ўмелі пераадольваць усялякія пачуццёвыя слабасці, што вядуць да граху.
  • Другі дзень

    О Марыя, Бог у сваім бязмежным Провідзе захаваў Цябе, быццам містычны каўчэг ад сусветнага патопу зла. Будзь побач з намі ў хвіліны выпрабаванняў і падтрымлівай нас сваёю ласкаю, калі грэх і вераломства гэтага свету будуць намагацца ахапіць нас сваёю падступнасцю і звесці з добрага шляху.
  • Трэці дзень

    О Марыя, Ты, нібы галубка бездакорнай белі, узнеслася над брудам свету і пазбегла ўсялякага граху, што ганьбіць гэтую зямлю. Учыні, каб часовыя даброты не зацьмілі нашага духу. Навучы нас карыстацца імі дзеля хвалы Божай і на карысць бліжнім.
  • Чацвёрты дзень

    О Марыя, поўная ласкі, водблiск святасці самога Бога, Ты захапляеш вочы і сэрцы ўсіх пакаленняў зямлі, бо Ты — вечна прыгожая, усыпаная суквеццем духмяных цнотаў, адорваеш нас пладамі сваёй мацярынскай любові. Выпрасі нам у Стварыцеля ласку, каб мы, пазбыўшыся граху, фармавалі ў сабе Яго вобраз, становячыся адлюстраваннем Яго дасканаласці.
  • Пяты дзень

    О Марыя, Ты па волі самога Бога стала зачыненым садам і абяцаным раем, у які не меў доступу вераломны змей. Просім Цябе, Маці, барані нашыя душы ад зламысных справаў злога духа, каб мы ніколі не сталі яго ахвяраю.
  • Шосты дзень

    О Марыя, Ты з’явілася ў цемры змучанаму грахом чалавецтву як Заранка надзеі, атуленая бляскам цноты. Рассейвай цемру ілжы, а ў чорную ноч нашага няшчасця і ўпадку заззяй святлом ранішняй зоркі, несучы збаўленне Пана.
  • Сёмы дзень

    О Марыя, Ты — нібы поле, расквечанае тысячамі каляровых ружаў. Іх духмяны водар знішчае злавесныя павевы. Дазволь нам дыхаць Табою, насычацца прывабнасцю Тваіх цнотаў, каб, углядаючыся ў Цябе, мы змаглі захаваць душы чыстымі і вольнымі адатрутных уплываў гэтага свету.
  • Восьмы дзень

    О Марыя, Ты з’явілася на гэтай зямлі, як лілея паміж цернямі, заквітнела дасканалай прыгажосцю, зачароўваючы сваім духоўным хараством. Дапамагай нам развіваць у сабе духоўнае жыццё, прасякнутае нябеснаю ласкаю, нягледзячы на спакусы, слабасці і атакі падступных людзей.
  • Дзявяты дзень

    О Марыя, Ты стала святыняю Бога, Маці ўсіх жывых, дзвярыма збаўленых, Каралеваю ўсіх святых і прытулкам грэшнікаў. Будзь нашаю Маці і Апякункаю, каб мы, наследуючы Твой прыклад, пазбягалі ўсялякага маральнага бруду, жылі ў сяброўстве з Богам і станавіліся прыкладам сапраўданага хрысціянскага жыцця.

Кожны дзень навэнны молімся:

Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

С.: Маліся за нас, Беззаганная Панна,

Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Божа, Ты праз Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі падрыхтаваў годнае месца прабывання для свайго Сына, а праз будучыя заслугі смерці Хрыста захаваў Яе ад усялякага граху. Дзякуючы Яе заступніцтву дазволь і нам прыйсці да Цябе з чыстым сэрцам. Праз Хрыста, Пана нашага.

Н.: Амэн.