Літанія да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

(Для прыватнага чытання)

Кірые, элейсон,
Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа,
— змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзіны Божа,
— змілуйся над намі.
О Марыя, без граху зачатая,
— маліся за нас, хто ў Цябе
з даверам паратунку шукае.
Прыгажосць адзіная і бязгрэшная,
Святыня Найсвяцейшай Тройцы,
Зорка ранішняя, што ззяеш святлом справядлівасці,
Хвала Ізраэля, імя якой поўнае слодычы і благаслаўлення,
Лілея, што расквітнела сярод церняў,
Залаты падсвечнік, упрыгожаны сямю дарамі Духа Святога,
Ахвяра ўсеспалення Божай любові,
Жывая Святыня ўцелаўлёнага Слова,
Маці Езуса, заўсёды Панна,
Хвала Касцёла Божага,
Прадказаная прарокамі,
Благаслаўлёная між жанчынамі,
Каралева анёлаў і людзей,
Прытулак грэшных,
Падтрымка слабых,
Прыклад усіх выбраных да хвалы вечнай,
Дарыцелька ласкаў Божых,
Суцяшальніца засмучаных і паміраючых,

Апякунка ўсіх, хто да Цябе звяртаецца,
Найласкавейшая Маці для ўсіх Тваіх дзяцей,
Маці, якая стаяла пад крыжам,
— маліся за нас, хто ў Цябе з даверам паратунку шукае.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
— даруй нам, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
— выслухай нас, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
— змілуйся над намі.

С.: Маліся за нас, Беззаганная Панна,
Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Божа, Ты праз Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі падрыхтаваў годнае месца прабывання для свайго Сына, а праз будучыя заслугі смерці Хрыста захаваў Яе ад
усялякага граху. Дзякуючы Яе заступніцтву дазволь і нам прыйсці да Цябе з чыстым сэрцам. Праз Хрыста, Пана нашага.
Н.: Амэн.