Малітва да бл. Філіпа Рынальдзі аб духу радасці

Бл. Філіп Рынальдзі (28.05.1856–5.12.1931) быў адным з генералаў Салезіянскага таварыства.

Благаслаўлёны Філіпе Рынальдзі!

Найвышэйшы Пастыр абраў цябе і паклікаў да служэння ў Салезіянскім таварыстве, каб ты апекаваўся Яго авечкамі, асабліва тымі, якія адышлі ад статка. Ты меў вялікія клопаты і сумненні ў рэалізацыі свайго паклікання, але дзякуючы веры ў Бога і сяброўскаму даверу да ксяндза Яна Боско стаў членам супольнасці, якую Бог паклікаў да выхавання моладзі. Ты радасна выконваў свае абавязкі і ўсюды даваў прыклад супакою і лагоднасці, асабліва ў моманты цярпенняў і выпрабаванняў.

Прашу цябе, о верны паслядоўнік святога Яна Боско, улі ў маё сэрца супакой і навучы так, як ты, з лагодаю і ўсмешкаю пераадольваць кожную праблему і цяжкую сітуацыю.

Сапраўдную радасць ты чэрпаў са штодзённай сустрэчы з Хрыстом, з чыстага сумлення і шчырага даверу да Божага Провіду. Дапамажы таксама мне не забываць пра майго Пана і Збаўцу, але праслаўляць Яго ў кожны момант за дар жыцця і радасць быць дзіцём Божым. Зрабі маё сумленне чуйным, каб я мог супрацьстаяць кожнай спакусе і граху. Навучы мяне так, як ты, давяраць Богу, асабліва тады, калі прыходзяць цяжкасці і не хапае людской падтрымкі.

Усе гэтыя просьбы я давяраю табе і пакорна прашу, май ласку выслухаць мяне і дапамажы мне заўсёды і для ўсіх быць прычынаю радасці, а не смутку і неспакою. Няхай твой прыклад святасці і тваё заступніцтва перад Богам дапамогуць мне калісьці апынуцца ў супольнасці збаўленых.

Амэн.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: Малітва медыка да бл. Арцемія Дзацці »