Кожная сям’я мае свае традыцыі, якія ахопліваюць сумеснае правядзенне часу, працу і адпачынак, святкаванне ўрачыстасцяў і шматлікія іншыя сферы жыцця. Традыцыі — гэта сапраўднае духоўнае багацце! Яны робяць жыццё разнастайным і прыгожым, а сям’ю ці якую-небудзь іншую супольнасць — адметнаю і шчасліваю.
У Каталіцкім Касцёле ёсць цэлае суквецце традыцый — традыцый розных краін, дзе каталіцтва развівалася ў кантэксце звычаяў мясцовых народаў; традыцый, якія датычацца цэлебрацыі сакрамэнтаў. Асаблівае месца ў Касцёле займаюць таксама традыцыі розных манаскіх супольнасцяў.
Салезіянская сям’я прапануе сваю духоўнасць, свой асаблівы шлях дасягнення святасці ў жыцці. Фундамент гэтай духоўнасці грунтуецца на перажыванні свайго жыцця ў духу святой радасці, якая вынікае з адчування добра выкананых абавязкаў і з чыстага сумлення. Заснавальнік Таварыства св. Францішка Сальскага, св. Ян Боска выходзіў з прапановаю гэтага шляху насустрач маладым людзям, асабліва пакінутым, занядбаным духоўна, людзям, якія страцілі сэнс жыцця.
Крочыць да неба салезіянскаю сцежкаю — заўсёды актуальна. З гэтай нагоды Касцёлу ў Беларусі, які так інтэнсіўна развіваецца, прапануем наш невялікі малітоўнік — збор салезіянскіх набажэнстваў і малітваў. Некаторыя з гэтых тэкстаў пісаў сам св. Ян Боска і прапаноўваў іх сваім выхаванцам. Тут змешчаны набажэнствы да шматлікіх салезіянскіх святых, праз заступніцтва якіх можна прасіць Бога аб неабходных дарах і ласках. Гэты малітоўнік — частка духоўнай традыцыі нашай вялікай Салезіянскай сям’і. Менавіта гэтаю традыцыяй мы хочам падзяліцца з вамі.
Няхай св. Ян Боска і ўсе святыя, аб’яднаныя яго духам, заступаюцца за вас і дапамагаюць дасягнуць збаўлення тут, на зямлі, каб потым усе мы маглі сустрэцца разам з імі ў небе.
Рэгіянальны настаяцель
Місіі «Таварыства св. Францішка Сальскага»
(Салезіяне ў Беларусі)
кс. Віктар Гайдукевіч SDB