Пакліканне – гэта штосьці большае, бо прафесія не можа супаставіцца з абшарам істотных каштоўнасцяў, якія ўказваюць на намеры Бога – Стварыцеля і Адкупіцеля. Для веруючых пакліканне з’яўляецца вольнай і бескарыслівай ініцыятывай самога Бога, уключанай у план Божага Провіду, які кранае асобу ў яе істоце і змяшчае ў рамках той супольнасці, дзе яна можа даць сведчанне канчатковага трансцэндэнтнага сэнсу жыцця.
Дынаміка паклікання развіваецца праз адкрыццё, тлумачэнне і прыняцце ініцыятывы Бога, які вядзе дыялог з кожным чалавекам. Выслухаўшы Яго намер і волю, асоба можа адказаць творча і пабудаваць уласны праект жыцця, паводле сваёй духоўнай натуры.
Пакліканне і праект жыцця з’яўляюцца аспектамі дыялога паміж дзвюма асобамі: Богам і Яго заклікам з аднаго боку, і чалавекам з яго пазітыўным адказам – з другога.
Кажучы па-людску, Бог прамаўляе, мяркуе і прапануе свой намер да кожнага з нас праз знакі, якія трэба прачытаць у святле веры. Чалавек мае інтуіцыю, ён адкрывае, заўважае, прымае, апрацоўвае, адказвае. Дыялог з Панам з’яўляецца пунктам злучэння і спасыланнем да таямнічай рэчаіснасці – людской і Боскай адначасова, – якую мы называем пакліканнем. Людской – бо моцна ўпісана ў асобу і яе вольны выбар; Боскай – бо ўключана ў сувязь веры, якая адносіцца да трансцэндэнцыі Бога.
Такім чынам, пакліканне можа быць прадстаўленна ў трох аспектах:
- дыялог і адносіны – у гульню ўступаюць Бог і чалавек;
- узрост і эвалюцыя – экзістэнцыйная структурная пастава чалавека – асабліва маладога, – які ўпершыню задаецца пытаннем пра сэнс і праект жыцця;
- гісторыя і культура – пакліканне ўпісваецца ў вузка акрэслены час і культурны аспект.
З гэтага вынікае, што адна і тая ж рэчаіснасць можа разглядацца з многіх пунктаў гледжання. Так, пакліканне можа інтэрпрытавацца як прафесійны абавязак альбо банальная актыўнасць без выразнага спасылання да агульных каштоўнасцяў – як людскіх, так і Божых. Можна працаваць над якасцю сваіх прафесійных абавязкаў і імкнуцца да такіх каштоўнасцяў як кампетэнцыя, міжасобасныя адносіны альбо грамадская карысць. Анак гэтую ж рэчаіснасць можна перажываць па-іншаму – як пакліканне, як позірк Бога на існасць чалавека, асвечаную вышэйшымі інтэнцыямі, адкрытую на трансцэндэнтныя каштоўнасці, прысутныя ў дыялогу з Богам як рэалізацыі Яго волі.
Паводле: Severino De Pieri, Orientamento e accompagnamento vocazionale, Editrice Elle Di Ci, Torino