Пятніца, 13 Лістапад 2015 10:11

Усе мы з’яўляемся пакліканымі Выбранае

Аўтар

Пасля Другога Ватыканскага Сабору пакліканне было акрэслена як зварот кожнага да асабістых адносінаў з Богам з мэтай спаўнення Яго намераў. У сувязі з тым, што пакліканне атрымліваюць усе, нарадзіўся тэрмін разнастайнасці і шматбаковасці пакліканняў. Асноўным пунктам адрознення пакліканняў з’яўляецца тое, якімі дарамі, здольнасцямі і схільнасцямі надзелена асоба. Кажучы пра пакліканне, мы бачым выразную сувязь з трансцэндэнтнасцю, а гэта значыць з ідэалам жыцця, якое ў сятле Бога бачыцца як першаснае.

Пакліканне – гэта болей, чым самарэалізацыя, гэта пераважна духоўная частка. А значыць, асоба (а кожная асоба мае пакліканне) мае ўнікальную здольнасць перакрочыць абмежаваны людскі гарызонт, каб узяць удзел у плане самога Бога.

Звернем увагу на шматбаковасць пакліканняў.

  •  Перш за ўсё гэта пакліканне да жыцця – першае пакліканне, якое паходзіць ад Бога і з’яўляецца заахвочваннем да прыняцця жыцця як дару і аддання яго бліжнім і Богу. У гэтым значэнні кожны рэалізуе творчы намер: бярэ на сябе свой дар, прымае жыццё ва ўсіх формах, у якіх яно было дадзена яму, з усімі чалавечымі абмежаваннямі. Сэнс паклікання выяўляецца нават тады, калі жыццё не дасягае сваёй поўні, як напрыклад, у выпадку аборту, непоўнаспраўнасці, забойства і г.д. Пакліканне Бога дае сэнс і значэнне нават выключным сітуацыям.
  • Пакліканне да любові – гэта заклік да выхаду са свайго вузкага гарызонту і адкрыцця на магчымасць глыбокай сувязі з іншымі: сяброўства, любоў, закладанне сям’і, грамадская супольнасць. У такім сэнсе сужэнства, асабліва калі ўяўляе сабой выбар у веры, з’яўляецца сапраўдным, вызначаным Богам, шляхам да святасці.
  •  Пакліканне як запрашэнне да выканання абавязкаў і адказнасці. Існуюць пакліканні, у аснове якіх ляжыць рэалізацыя абавязкаў на карысць іншых, – палітыка, экалогія, адукацыя… Сёння яны найболей патрэбныя і адначасова самыя распаўсюджаныя ў сучасным секулярызаваным свеце.
  •  Хрысціянскае пакліканне – гэта адказ, адтрыманы ў аб’яўленні веры. Яно спаўняецца толькі праз прыняцце дару збаўлення, ахвяраванага нам Хрыстом, які дзеля шчасця чалавецтва здзейсніў план Айца. Надзвычайным пасрэднікам гэтага паклікання з’яўляецца хрост, які далучае нас да Божага народу і дазваляе ўвайсці ў Касцёл з заданнем адказнасці, вернасці і служэння ўсяму чалавецтву, уключаючы грамадскае і місійнае служэнне.
  •  Унутры хрысціянскага стылю жыцця ёсць пакліканні асаблівыя, менш ці больш пазначаныя радыкалізмам адказу на асаблівы дар Бога. Сярод іх ёсць і “святыя” пакліканні – святарства і манаства. Яны не з’яўляюцца асаблівымі сярод іншых пакліканняў. Іх выключнасць у радыкальным адказе, які трэба даць у адпаведнасці з патрэбамі таго ці іншага служэння Касцёлу: таямніца святарскага пасвячэння заключаецца ў асаблівым служэнні Божаму народу; сэрцам манаскага паклікання з’яўляецца здольнасць пайсці за Езусам праз практыкаванне евангельскіх радаў паводле пэўнай харызмы ці ўнутры кангрэгацыі; і іншыя асаблівыя пакліканні – місійныя альбо зацверджаныя Касцёлам свецкія супольнасці.

Ксёндз Боско вельмі шмат працаваў на карысць святых пакліканняў. Ён падрыхтаваў амаль 300 святароў для Касцёла тых часоў. Але перш за ўсё ён даў кожнаму маладому чалавеку свядомасць і адказнасць за свой адказ на пакліканне, якое будзе рэалізоўвацца ў сям’і, на працы, у грамадскіх абавязках і ў паслузе іншым. У гэтым аспекце папераджальная сістэма выхавання ксяндза Боско з’яўляецца арыенцірам у пакліканні, яна суправаджае ў рэалізацыі намераў Бога ў нашым жыцці.

Пакліканне з’яўляецца не толькі праектам, але і задачай, а значыць высілкам у рэалізацыі плану Бога дзеля ўласнага росту і служэння іншым. У гэтым значэнні пакліканне ўяўляе сабою найвышэйшы узровень развіцця і годнасці асобы, а таксама гарызонт поўні жыцця і шчасця.

Паводле: Severino De Pieri, Orientamento e accompagnamento vocazionale, Editrice Elle Di Ci, Torino

 

Апошняе змяненне Панядзелак, 08 Люты 2016 23:57

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Выкінце з вашага сэрца грэх і сувязь  з ім. Будзеце ведаць дастаткова, каб збавіць свае душы.

Св. Ян Боско