Ужо напрацягу некалькіх год тэмай СМЕП выбіраецца дэвіз Генеральнага настаяцеля на бягучы год. Сёлета ён такі: “Святасць таксама і для Цябе!”. Рекалекцыяністам ў #СМЕП20 стаў неапрэзбітэр Артур Ляшнеўскі SDB. Малады святар адказна падышоў да ўскладзенай на яго місіі і вельмі добра распрацаваў рэкалекцыі. Шлях да святасці быў разабраны на прыкладзе зерня, кінутага ў добрую зямлю. Пiлiгрымы разважалi, як яно ўзрастае, развіваецца, што для гэтага неабходна. Алегорыяй споведзi, духоўнага кіраўніцтва, малітвы і іншых духоўных практык сталі глеба, рыдлёўка, вада, сонца. Сімвалічна, што ў дзень вады пілігрымаў шчодра пакрапіў дождж, а калі быў дзень сонца, сонейка сагравала сваім цяплом. У сваіх разважаннях ксёндз Артур часта звяртаўся да прыкладаў з уласнага жыцця і гісторыi сваёй сям’і, што надавала канферынцыям больш жывы характар. Таксама апекуном кожнага дня СМЕП абіраўся святы альбо благаслаўлёны з Салезіянскай сям’і, выяву якога неслі ў гэты дзень наперадзе пілігрымкі і да якога асаблiва звярталіся з малітвай. У Будслаў СМЕП уваходзіла разам з апекунамі кожнага з шасці дзён вандравання, і гэта было вельмі прыгожа.
Нельга не адзначыць і вялікі ўклад у пілігрымку моладзі, за кожны дзень была адказная група аніматараў, якая распрацоўвала распарадак дня: калі пілігрымы будуць маліцца, адпачываць, спяваць, слухаць радыё СМЕП. Анiматары сачылі за тым, каб пiлiгрымы не выбіваліся з графіку і ў належны час прыходзілі на абеды і начлегі. Таксама арганізатары на кожны дзень прыдумвалі асаблівую фішку, якая дапамагала больш глыбока зразумець тэму дня, а таксама добра правесці час. Удзельнічала моладзь і ў падрыхтоўцы працы па пакоях (групах). Праца па пакоях - гэта своеасаблівы адказ на канферэнцыю. Кожны пілігрым выбіраў сам, чаго жадае: больш даведацца пра біяграфію святога дня, паразважаць над словамі Святога Пісання, падыскутаваць на тэму святасці, паспяваць, адпачыць, пагуляць альбо падзяліцца сваімі ўражаннямі з карыстальнікамі сусветнай павуціны. Ва ўсіх названых момантах правай рукой і падтрымкай для духавенства былі салезіяне супрацоўнікі і аніматары.
Традыцыяй апошняга дня СМЕП ужо доўгія часы быў крыжовы шлях, калі пілігрымы рабілі драўляны крыж і, разважаючы над мукамі Пана Езуса, неслі яго да вызначанага месца, там крыж усталёўвалі і ўмацоўвалі камянямі. У гэтым годзе да дваццацігоддзя СМЕП быў зроблены якасны і трывалы юбілейны крыж, які будзе стаяць праз доўгія гады.
У гэтым годзе СМЕП была асаблівай і непадобнай да іншых, удзел у пілігрымцы прыняла група маладых людзей з салезіянскай Масквы, больш за 40 пілігрымаў шлі да Маці Божай упершыню, усяго ў Будслаў у складзе СМЕП увайшло амаль 130 чалавек.
Нязменнымі ў пiлiгрымцы застаюцца дух евангелізацыі і салезіянскай еднасці. Жыхары вёсак, праз якія пралягае шлях пілігрымкі, з кожным годам усё мацней чакаюць Божых вандроўнікаў. Для іх пілігрымка таксама з’яўляецца благаслаўлёным часам, калі праз паслугу падарожнікам можна паслужыць Богу.
Усяго ў Будслаў пешшу і на роварах прыбыло больш за 2000 пілігрымаў, яны прынеслі да падножжа алтара Маці Божай свае інтэнцыі, падзякі, перапрашэнні, а таксама сведчанне жывой веры.
СМЕП20 завяршылася, але працягваецца нашае пілігрымаванне да дому Нябеснага Айца, няхай жа дэвіз “Святасць таксама і для Цябе!” стане для кожнага з нас надзеяй і мэтай падчас гэтага вандравання.