Біскуп Аляксандр выказаў вялікую радасць ад сустрэчы з пілігрымамі і ад таго, што ў нашай краіне існуе прыгожы культ Маці Божай. Таксама біскуп прыгадаў жыццярыс апостала Тамаша, якога называлі блізня. Тамаш патрабаваў доказаў уваскрасення Хрыста, бо не мог у гэта паверыць. Таксама і мы, сучасныя людзi, патрабуем доказаў i фактаў, а пілігрымкі як раз з'яўляюцца доказамі жывой веры.
Пасля святой Імшы СМЕП развіталася з Вілейкай і вырушыла ў шлях.
Тэма сённяшняга дня гучала так: "Без яе няма прагрэсу ва ўзрастанні". Ксёндз Артур адзначыў, што якой бы моцнай не была вера, без падпiткi рэгулярнай споведдзю, Евангеллем, Эўхарыстыяй яна зачахне і не будзе развівацца.
Пазнаўшы Бога, мы будзем імкнуцца яднацца з Ім як мага часцей. Святой гэтага дня стала благаслаўлёная Эўзэбіа Паламіна, салезіянка, якая ахвяравала Богу сваё маладое жыццё за манаскія кангрэгацыі.
У вёсцы Куранец адбылася праца па пакоях і абед. Музычна-малiтоўны пакой прапанаваў СМЕПаўцам, разважаючы над тэмай дня, спяваць пабожныя спевы.
Пасля пілігрымка зрабіла пераход у дзесяць кіламетраў да месца начлегу ў вёсцы Рэчкі. Моладзь расставіла намёты і адправілася да мясцовага насельніцтва, каб памыцца. Потым адбыўся вясёлы евангелізацыйны вечар, у якім прынялі ўдзел таксама і мясцовыя дзеці, якія амаль год рыхтаваліся да выступлення перад СМЕП. Завяршыўся вечар каля новабудуючайся царквы, да якой пілігрымы зладзілі Шлях Святла.