Серада, 05 Ліпень 2017 22:28

Рэха Будслаўскай пілігрымкі: СМЕП жыве ў кожным з нас!

Аўтар

З дваццаць пятага чэрвеня па першае ліпеня адбылася васямнаццатая Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка Смаргонь-Будслаў. Як заўсёды салезіянскае паломніцтва мела вызначаную тэму, якая супадала з дэвізам салезіянскай сям’і на бягучы год. Яна гучала так: “Сям’я – месца збаўлення”. Кожны дзень пілігрымы разважалі над рознымі аспектамі дадзенай тэмы з дапамогай канферэнцый, працы па “пакоях”, “фішак” дня. Канферэнцыі кожны дзень прамаўлялі розныя людзі, з кожнай галіны салезіянскай сям’і.

Асаблівасцю СМЕП18 стала тое, што салезіяне вырашылі рызыкнуць і адысці ад звыклай для пілігрымаў працы па групах. У гэтым годзе яе замянілі так званыя “пакоі”. У кожнага “пакоя” была свая спецыфіка разважання над тэмай дня. Пілігрымы таксама не былі замацаваныя за пэўным канкрэтным “пакоем” і, калі мелі жаданне, маглі штодня пераходзіць з “пакоя” ў “пакой”. Варта адзначыць, што рызыка сябе апраўдала, і эксперымент аказаўся вельмі ўдалым. Ноў-хаў задаволіла і пілігрымаў, і арганізатараў.

Усяго ў СМЕП18 прыняло ўдзел каля 150 чалавек. За час свайго вандравання да Будслаўскай святыні пілігрымы даведаліся шмат новага і карыснага. Маладыя людзі маглі іншым позіркам убачыць свае ўласныя сем’і, клопаты, цяжкасці і радасці, якія адбываюцца ў іх. Убачыць, як важна будаваць свае сем’і на падмурку веры і кожную складаную сітуацыю вырашаць разам з Богам. Таксама вельмі важным было асэнсаванне таго, што кожны можа збавіцца, дзякуючы сваёй сям'і і сваім родным, дзякуючы іх малітве, падтрымцы і таму, што сям'я разам рухаецца ў кірунку дома Нябеснага Айца.

Пілігрымка з’яўляецца бласлаўлёным часам, падчас яе можна шмат чаго пераасэнсаваць, аднавіць свае духоўныя сілы. Для моладзі гэты час удвая асаблівы, бо фарміруюцца яе светапогляды, усталёўваецца пэўная сістэма вартасцей. Менавіта таму для салезіянскай супольнасці СМЕП з’яўляецца адной з найважнейшых падзей у годзе. І для моладзі таксама. Якімі бліскучымі былі ад слёз радасці вочы смепаўцаў, якія падыходзілі праз касцёл да абраза Маці Божай! Гэтая шчырая і чыстая радасць маладосці ад сустрэчы з Панам прамаўляе лепш усялякіх слоў.

Маем надзею, што запал ад СМЕПу будзе трываць доўга ў кожнага пілігрыма і не знікне пад уплывам штодзённай мітусні. Бо сэрцы маладыя, чыстыя і высакародныя павінны імкнуцца да неба, да любові, да высокіх ідэалаў і дабра кожнага чалавека. Будзем маліцца да добрага Бога аб вялікіх плёнах мінулай пілігрымкі. СМЕП не скончыўся, СМЕП жыве ў кожным з нас!

Фото Караліна Ляшчэвіч 

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Кожны хай будзе гатовы цярпець  холад і гарачыню, беднасць і пакору столькі раз, колькі патрэбна каб памножыць Хвалу Бога і здароўя вашай душы

Св. Ян Боско