Субота, 01 Ліпень 2017 06:56

СМЕП18: Дзень 6 Плённасць сям'і

Аўтар

Пятніца, шосты і апошні дзень пілігрымкі. Ужо сёння СМЕП увойдзе ў Будслаў. Толькі 15 кіламетраў раніцай аддзяляла пілігрымаў ад канчатковай мэты іх падарожжа.

Тэма апошняга дня была прысвечаная плённасці сям'і. Падчас канферэнцыі, якую ў вёсцы Бароўцы прамовіў ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB, пілігрымы пазнаёміліся з наступнымі думкамі: "Кожны чалавек пакліканы Богам для таго, каб прыносіць плён. І гэты плён для кожнага розны. Можна рэалізаваць сябе і ў законным жыцці, і ў сям'і, і ў самоце. Але галоўным плёнам для чалавека з'яўляецца шчаслівае жыццё і дасягненне Божага Валадарства."

Пасля канферэнцыі адбыўся Крыжовы шлях, пілігрымы рабілі рахунак сумлення, перапрашалі Езуса за свае недасканаласці, за моманты слабасці, калі яны адварочваліся ад Яго, а таксама дзякавалі за ахвяру, якую Ён прынёс за ўсё чалавецтва.

Потым была праца па групах. Удзельнікі пілігрымкі дзякавалі святарам, сёстрам, аніматарам, усім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі пілігрымкі, і кожнаму, хто раздзяліў з імі гэты шлях. Перажытыя шэсць дзён пілігрымкі былі сапраўды плённымі для развіцця і паглыблення веры, пераасэнсавання каштоўнасцяў. Удзельнікі іншым позіркам паглядзелі на свае ўласныя сем’і і на тыя магчымасці, якія сям’я дае для збаўлення душы.

А потым, апрануўшы святочныя белыя саколкі, пілігрымы пастроіліся ў калону, каб зрабіць свае апошнія крокі ў СМЕП18. З гучным спевам і радаснымі воклічамі салезіянская пілігрымка ўвайшла ў Будслаў.

Вечарам СМЕП прыняла ўдзел у Імшы для пілігрымаў разам з усімі іншымі вернікамі, якія здзейснілі падарожжа ў Будслаўскі санктуарый. Імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Іерарх падкрэсліў, што кожны пілігрым здзяйсняе заклік Папы Францішка, які год таму прагучаў на Сусветных Днях Моладзі. Тады Пантыфік заклікаў моладзь устаць з канапы і дзейнічаць. Таксама біскуп Алег падкрэсліў: “У сучасным свеце вельмі шмат сродкаў для камунікацыі, мы можам звязацца з іншым чалавекам на любой адлегласці, але мы не ўмеем слухаць. Маці Божая заклікае нас навучыцца слухаць іншага чалавека, але, найперш, слухаць Бога.

Такім быў апошні дзень у СМЕП18, заўтра пілігрымы раз'едуцца па сваіх хатах, але рэха і плён гэтай пілігрымкі  будзе адчувацца яшчэ вельмі доўга.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пабожнасць, навука, радасць – яны прынясуць вам шмат салодкага, як мёд, задавальнення.

Св. Ян Боско