Пятніца, 30 Чэрвень 2017 08:29

СМЕП18: Дзень 5 Служэнне і ахвярнасць у сям’і

Аўтар

Пяты дзень падрыхтаваў для пілігрымаў шлях даўжынёй у 24 кіламетры, а разважалі яны ў гэты дзень над тэмай “Служэнне і ахвярнасць у сям’і”. 

Святая Імша прайшла ў Касцяневічах і была ўрачыстай, бо пілігрымы віншавалі ў гэты дзень мясцовага пробашча ксяндза Пятра і кіраўніка пілігрымкі ксяндза Паўла з днём іх нябесных заступнікаў. Казанне для прысутных прамовіў ксёндз Іван. Ён нагадаў пілігрымам, што Пётр і Павел былі недасканалымі, грэшнымі, але гэта для Бога не стала перашкодай, каб паклікаць іх да служэння дзеля збаўлення свету.

Святар звярнуўся да пілігрымаў: “Таксама і мы можам быць недасканалымі, але гэта не азначае, што наша недасканаласць можа замінаць нам у служэнні Богу”.

Пасля Імшы адбылася канферэнцыя, якую прамовіла салезіянка-супрацоўніца Ірына Петрусевіч. Яна адзначыла, што служэнне і ахвярнасць у сям'і праяўляецца ў штодзённасці. А таксама, вельмі важна, каб у служэнні абодва бакі адчувалі сябе раўнапраўнымі, каб той бок, які прымае ахвярнасць іншага, не адчуваў сябе няёмка.

Падзяліцца сваімі меркаваннямі па тэме дня і праслуханай канферэнцыі ўдзельнікі СМЕПу маглі падчас другога прывалу і працы па пакоях.
Таксама, нельга не адзначыць, што гэты дзень для пілігрымаў быў дастаткова цяжкі, але таксама і бласлаўлёны. Неаднаразова падчас дарогі СМЕП паліваў моцны дождж, прыносячы шмат непрыемнасцяў.

Але, нягледзячы на гэта, вечарам смепаўцы ў вясёлым настроі і з радаснымі спевамі ўвайшлі ў Крывічы, дзе яны сустрэліся з маладзечненскімі і гудагайскімі пілігрымамі.

Пасля вячэры, уладкаваўшы рэчы ў намётавым гарадку і памыўшыся ў лазні, пілігрымы накіраваліся ў касцёл на адарацыю.

Асабістая сустрэча з Хрыстом стала добрым момантам, каб паразважаць, ачысціць свае думкі і падрыхтаваць свае сэрцы. Бо ўжо заўтра СМЕП 18 завяршыцца, і пілігрымы дасягнуць канчатковай мэты свайго падарожжа.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Усе мы павінны прымаць удзел з Езусам у Яго крыжы, а нашым крыжам з’яўляецца цярпенне

Св. Ян Боско