Чацвер, 29 Чэрвень 2017 17:48

СМЕП18: Дзень 4 Прысутнасць Марыі ў сям’і

Аўтар

Чацвёрты дзень у СМЕП для пілігрымаў распачаўся са святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Для салезіянскай пілігрымкі таксама было радасцю сустрэцца з рэгіянальным настаяцелем салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB, які таксама прыбыў у Вілейку.

Традыцыйна ў Вілейцы на ранішняй святой Імшы сустракаецца тры пілігрымкі: салезіянская, капуцынская і Вілейская. Гэты факт і прысутнасць біскупа робяць раніцу чацвёртага дня СМЕП вельмі ўрачыстай.

У сваёй гаміліі біскуп Аляксандр, абапіраючыся на Евангелле, распавёў, як адрозніваць праўдзівых прарокаў ад ілжывых.

Іерарх адзначыў: “Рабіць гэта можна дзякуючы тром рэчам: веры, пакоры і мужнасці, а таксама па тых пладах, якія прыносіць іх прароцтва. Бог паклікаў пілігрымаў, каб яны прыносілі добры плён, і мы павінны задаваць сабе пытанне, ці выконваем гэта на самай справе. Кожны новы дзень Бог дае нам шанец пачаць прыносіць добры плён”.

Падмацаваўшыся сустрэчай з Хрыстом смепаўцы вырушылі ў дарогу, сёння ім трэба было пераадолець 18 кіламетраў да вёскі Рэчкі, а тэмай дня была “прысутнасць Марыі ў сям’і”.

Канферэнцыю ў гэты дзень прамовіла сястра Дар'я Еўтухоўская FMA. Яна прапанавала паразважаць пілігрымам пра пакорнасць Марыі, якая спаўняла Божую волю, нягледзячы на свае асабістыя планы.

“Яна не пакінула Езуса толькі для сябе, Яна пакорна прыняла Яго Боскасць і Яго місію, нават і смерць на крыжы. Стаўшы Маці для Збаўцы, Яна стала Маці для кожнага з нас і для нашых сем'яў”, - адзначыла манахіня.

Пасля канферэнцыі СМЕП зрабіў пераход у Куранец, дзе адбылася праца па пакоях.

 

Прышоўшы ў Рэчкі пілігрымы змаглі памыцца ў лазні, а потым адбыўся вясёлы вечар для жыхароў вёскі. Пасля яго ўсе разышліся адпачываць па сваіх намётах, каб набрацца сіл. Будслаў усё бліжэй.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не пакідаем душы ў небяспецы і цяжкасцях. Молімся з даверам і Бог дасць дапамогу, якую абяцаў тым, хто працуе Яго на карысць.

Св. Ян Боско