Серада, 28 Чэрвень 2017 00:24

СМЕП18: Дзень 3 Інтымныя адносіны з Богам у сям’і

Аўтар

На трэці дзень пілігрымаў чакала падарожжа з Нарачы да Вілейкі працягласцю ў сямнаццаць кіламетраў. У гэтай дарозе яны разважалі над інтымнымі адносінамі з Богам у сям’і, менавіта так гучала тэма трэцяга дня ў СМЕП.

Канферэнцыю ў гэты дзень прамовіў ксёндз Уладзімір Кабак SDB, наш суайчыннік, які нядаўна быў прызначаны пробашчам Маскоўскай парафіі. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што інтымныя адносіны з Богам закладзеныя ў нас з самага дзяцінства, але каб пачуць Бога, на Яго трэба адкрыцца.

“Спатканне з Богам для чалавека можа адбывацца не толькі ў асабістай інтымнасці, але і ў інтымнасці пэўнай сям'і. Тады такая сям'я будзе сапраўды з'яднанай, а цэнтрам гэтай еднасці будзе Бог. Калі зможаш адчуць сапраўдную еднасць з Богам, то ты больш не зможаш пра Яго маўчаць”, - сказаў святар.

Пасля канферэнцыі пілігрымы зрабілі пераход з вёскі Бароўцы да вёскі Шылавічы, дзе падсілкаваліся смачным абедам, а таксама правялі працу па групах.

Вечарам пілігрымы, славячы Бога гучнымі спевамі і радаснымі воклічамі, увайшлі ў Вілейку, дзе іх сустракаў мясцовы пробашч кс. Аляксандр Барыла. Пасля прывітання смепаўцы адразу распачалі евангелізацыйны вечар, падчас якога дзяліліся з прысутнымі сваім сведчаннем веры. Калі евангелізацыйны вечар завяршыўся, распачалася святая Імша.

Сустрэўшыся з Езусам у Эўхарыстыі і падзякаваўшы за перажыты дзень, пілігрымы разышліся адпачываць па хатах гасцінных жыхароў Вілейкі.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Шчыры, сыноўскі, светлы давер Марыі, сталая пабожнасць дазволілі вам пераадолець кожную цяжкасць, быць вытрывалымі, патрабуючымі ў адносінах да сябе.

Св. Ян Боско