Панядзелак, 26 Чэрвень 2017 22:39

СМЕП18: Дзень 2 Цяжкасці і выклікі ў сям’і

Аўтар

Кажуць, што панядзелак дзень цяжкі, так гэта ці не адказаць складана, але дадзены пастулат дакладна не распаўсюджваецца на пілігрымаў. Пілігрым, нягледзячы на стомленасць, мазалі, дажджы і спёку заўсёды застаецца вясёлым, бо ведае, што ягоны шлях ідзе да Маці Божай.

Панядзелак 26 ліпеня для смепаўцаў распачаўся ў 7 гадзін раніцы. Адразу іх чакала сняданне а пасля святая Імша а дзявятай гадзіне.

Святую Імшу цэлебраваў ксёндз Станіслаў Краўчанка SDB. У гаміліі святар запытаўся ў пілігрымаў, ці шчаслівыя яны. Аказалася, што шчаслівыя, нягледзячы на стомленасць, мазалі і ўсе цяжкасці дарогі. Таксама ксёндз Станіслаў, разважаючы над Евангеллем, прапанаваў пілігрымам падчас шляху да Будслава звярнуць увагу на "бервяно ў сваім воку", пабачыць свае недасканаласці, а таксама праз гэтыя 6 дзён імкнуцца іх выпраўляць. Бо пілігрымка – гэта цудоўны час, калі чалавек атрымлівае ад Бога вельмі шмат ласкаў.

Працягласць дарогі другога дня складала ўсяго толькі дзевяць кіламетраў, але нягледзячы на гэта, праграма была вельмі насычанай, пілігрымаў традыцыйна чакала канферэнцыя, хрост пілігрыма (для тых, хто першы раз ідзе ў СМЕП), а таксама вясёлы вечар для дарослых і дзяцей у вёсцы Нарач, дзе мясцовыя жыхары заўсёды з радасцю чакаюць вандроўнікаў да Будслава.

“Цяжкасці і выклікі ў сям’і” – так гучала тэма другога дня. Паразважаць над гэтай тэмай пілігрымам дапамагла канферэнцыя, якую таксама прамовіў ксёндз Станіслаў Краўчанка. Святар адзначыў: “Калі ў нашай сям'і ўзнікаюць цяжкасці і праблемы, а мы не пачынаем іх вырашаць, то на месца гэтых праблем прыходзіць грэх, здрада, алкагалізм і г.д... Праблема сучасных сем'яў - гэта недахоп любові, недахоп дыялогу, паразумення. Для стварэння ў сям'і атмасферы любові неабходна жыць у праўдзе адно з адным, неабходна вырашаць праблемы разам, давяраючы свае цяжкасці Богу”.

Адбыўся таксама і традыцыйны смепаўскі хрост, падчас якога пілігрымы выкладвалі на беразе камянямі надпіс "СМЕП18", падкрэсліваючы тое, што на камянях будуюць свае трывалыя адносіны з Богам.
Пасля адбыўся евангелізацыйны вечар, на які, як і кожны год, сабралася шмат жыхароў Нарачы. Сёлета салезіянская моладзь арганізавала адначасова дзве праграмы: для дзяцей і для больш старэйшых. Дзеці маглі пагуляць у разнастайныя гульні і весела правесці час, а дарослыя паглядзець канцэрт, а таксама падзяліцца сваімі талентамі.

Пасля завяршэння праграмы і слоўка на добрую ноч пілігрымы разышліся па хатах гасцінных мясцовых жыхароў.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Перш чым узяцца за якую-небудзь справу, будзь упэўнен, што яна згодна з воляй Бога. Калі Пан Бог пажадае, будзеш мець адвагу, пераадолееш перашкоды і ўсе цяжкасці, якія спаткаеш на тым шляху

Св. Ян Боско