Панядзелак, 26 Чэрвень 2017 01:01

СМЕП18: Дзень 1 Сям’я і Слова Божае

Аўтар

25 чэрвеня са Смаргоні вырушыла Васямнадцатая Салезіянская Моладзевая Евангелізацыйная Пілігрымка , а скарочана #СМЕП18. Больш за сотню маладых людзей, разам са святарамі і сёстрамі распачалі свой шлях у Будслаў, каб там спаткацца з Маці Божай.

У падрыхтоўцы і правядзенні пілігрымкі святарам дапамагаюць аніматары, кандыдаты ў аніматары і салезіяне-супрацоўнікі. Кожны год СМЕП мае вызначаную тэму, якая сугучная з дэвізам салезіянскай сям’і. У гэтым годзе тэма СМЕП гучала так: “Сям’я – месца збаўлення”.

Для таго, каб пілігрымы маглі больш добра зразумець усю глыбіню і прыгажосць абранай тэмы, кожны дзень у СМЕП мае невялікую падтэму, над сэнсам якой вядуцца разважанні. Тэма дня раскрываецца пад час канферэнцыі, працы па групах, фішкі дня і евангелізацыйнага вечара.

“Сям’я і Слова Божае” – так гучала тэма першага дня салезіянскай пілігрымкі. Але перад тым як заглыбляцца ў тэму дня, хацелася б пазнаёміць нашых чытачоў з тым, што з сябе ўяўляе праца па групах. У СМЕПе пілігрымаў заўсёды дзеляць на групы, за кожную групу ёсць адказны аніматар а таксама хто-небудзь з духавенства. Удзельнікі гэтых груп дзеляцца паміж сабою меркаваннямі на конт тэмы дня, выконваюць разнастайныя заданні, узбагачаюць жыццёвы і духоўны досвед адно аднаго. У гэтым годзе замест груп пілігрымам былі прапанаваны так званыя “пакоі”, Капліца, Пустыня, Дзіцячы пакой, Кухня, Online евангелізацыя і Малітоўна-Музычны пакой.

Кожны пакой у гэтай салезіянскай хаце павінен адказваць за пэўны накірунак дзейнасць, як гэта будзе функцыяваць можна было паназіраць ужо ў першы дзень.

У гэты дзень пілігрымы сустрэліся разам на святой Імшы, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB.
У прамове пад час казання да пілігрымаў і ўсіх прысутных ксёндз Віктар звярнуў увагу на дзве рэчы. Па-першае, ён прапанаваў не баяцца рабіць адказныя крокі ў сваім жыцці, бо да гэтага нас заклікае святое Пісанне, калі давяраем усе свае справы Богу, то баяцца няма чаго. Па-другое, святар адзначыў як важна ведаць сваё месца ў сям'і, быць адкрытым на дапамогу для кожнага, дарыць свой час, сваю дабрыню і любоў.

Пасля святой Імшы СМЕП18 вырушыў у дарогу, сёння ім мелася пераадолець 21 кіламетр да вёскі Войстам, пазнаёміцца з “жыхарамі” сваіх “пакояў”, і яшчэ шмат чаго цікавага.

У 16.00 адбылася канферэнцыя на тэму дня, якую прамовіла сужэнская пара Маша і Саша Акулікі, з салезіянскай парафіі ў Бараўлянах. Яны падзяліліся сваім уласным вопытам перажывання Слова Божага ў сям'і, пра тое, як дзякуючы Бібліі, дыялогу і малітве можна пераадольваць крызісы і цяжкасці сямейнага жыцця. "Біблія - гэта каштоўны скарб, які Пан Бог падараваў для нас і для нашай сям'і" - такімі словамі яны скончылі сваю прамову. Пасля канферэнцыі распачалася праца па пакоях, пілігрымы выбіралі той пакой, які ім даспадобы і ў ім, згодна з яго спецыфікай, яшчэ раз перажывалі і пераасэнсоўвалі тэму дня.
Вечарам у Войстаме стомленыя, але задаволеныя, пілігрымы правялі вясёлы вечар для сябе а таксама і для жыхароў вёскі. Пасля, па старой салезіянскай традыцыі, прагучала слоўка на добрую на добрую ноч і смепаўцы накіраваліся ў мясцовую школу, каб там адпачнуць і набрацца сіл на далейшы шлях.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Рабіце, што можаце. Бог зробіць тое, чаго мы не зможам.

Св. Ян Боско