Аўторак, 28 Чэрвень 2016 23:35

СМЕП17: Дзень трэці. Міласэрнасць аздараўляе раны жыцця.

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

У трэці дзень пілігрымкі канчатковым пунктам шляху была Вілейка, якая ад Нарачы знаходзіцца на адлегласці 18,8 кіламетраў. У гэты дзень пілігрымам прапанавалі паразважаць над наступнай тэмай: “Міласэрнасць аздараўляе раны жыцця”.

Ксёндз Уладзімір Кабак SDB, развіваючы тэму дня, у сваёй канферэнцыі адзначыў, што каб быць міласэрным, трэба спачатку самаму адчуць міласэрнасць, адчуць любоў. Каб быць міласэрным, трэба пазнаваць любоў і ў першую чаргу мы можам гэта зрабіць праз паглыбленне ў Слова Божае. У Бібліі мы знаходзім сапраўдную любоў, якую мы можам адчуць у Езусе, у Яго ўчынках, у яго дзеяннях. Што датычыцца ўчынкаў міласэрнасці, то мы павінны быць вельмі пільнымі “настаўляючы грэшнікаў”, у Бібліі сказана, што калі бачыш, што нейкі чалавек паступае няправільна, трэба сказаць гэтаму чалавеку ў першую чаргу сам насам, зрабіць заўвагу, але акуратна, каб не пакрыўдзіць. Асаблівасцю нашага беларускага народу з’яўляецца перабольшаная тактычнасць, мы не можам сказаць чалавеку нешта ў вочы, але вельмі ахвотна абгаворваем за плячыма. Такіх рэчаў неабходна пазбаўляцца і пазбягаць.

Сваё развіццё дадзеная тэматыка атрымала падчас працы па групах. Пілігрымы вельмі ахвотна размаўлялі і дзяліліся сваімі меркаваннямі на конт міласэрнасці і адносін паміж людзьмі, на конт здольнасці прабачаць. Многіх гэта закранула за жывое, давялося пакапацца ў сабе. Смепаўцы падзякавалі арганізатарам за магчымасць паразважаць і даведацца нешта новае ў кантэксце дадзенай тэматыкі.

У Вілейцы пілігрымы прынялі ўдзел у Святой Імшы, а пасля пайшлі па хатах ветлівых Вілейскіх жыхароў. А вечарам усе сабраліся зноў на пляцоўцы каля Касцёла, каб разам з усімі жадаючымі патанчыць, паспяваць, паглядзець выступленні звязаныя з тэматыкай гэтага дня. Смэпаўцы шчодра падзяліліся з прысутнымі сваімі талентамі.

Завяршыўся гэты дзень як заўсёды супольнай малітвай і традыцыйным салезіянскім слоўкам на дабранач. З жаданнем адпачыць і набраўшыся сіл далей працягнуць свой шлях да Маці Божай, пілігрымы пайшлі да Вілейчанаў.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Нагамі хадзіце па зямлі, а сэрцам жывіце ў небе

Св. Ян Боско