Чацвер, 11 Ліпень 2019 09:16

Завяршылася юбілейная салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка

Аўтар

Завяршылася юбілейная салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка Смаргонь – Будслаў. У гэтым годзе СМЕП ішла да Маці Божай ужо ў дваццаты раз, таму для салезіянаў гэта пілігрымка была асаблівай. Праз шэсць дзён шляху лейтматывам чулiся ўспаміны з мінулых гадоў і малітвы падзякі за тых людзей, дзякуючы якім паўстала СМЕП. Таксама яшчэ да выхаду пілігрымкі была напісана гісторыя СМЕП, збіраліся сведчанні ўдзельнікаў, старыя фотаздымкі, атрыбутыка.

Ужо напрацягу некалькіх год тэмай СМЕП выбіраецца дэвіз Генеральнага настаяцеля на бягучы год. Сёлета ён такі: “Святасць таксама і для Цябе!”. Рекалекцыяністам ў #СМЕП20 стаў неапрэзбітэр Артур Ляшнеўскі SDB. Малады святар адказна падышоў да ўскладзенай на яго місіі і вельмі добра распрацаваў рэкалекцыі. Шлях да святасці быў разабраны на прыкладзе зерня, кінутага ў добрую зямлю. Пiлiгрымы разважалi, як яно ўзрастае, развіваецца, што для гэтага неабходна. Алегорыяй споведзi, духоўнага кіраўніцтва, малітвы і іншых духоўных практык сталі глеба, рыдлёўка, вада, сонца. Сімвалічна, што ў дзень вады пілігрымаў шчодра пакрапіў дождж, а калі быў дзень сонца, сонейка сагравала сваім цяплом. У сваіх разважаннях ксёндз Артур часта звяртаўся да прыкладаў з уласнага жыцця і гісторыi сваёй сям’і, што надавала канферынцыям больш жывы характар. Таксама апекуном кожнага дня СМЕП абіраўся святы альбо благаслаўлёны з Салезіянскай сям’і, выяву якога неслі ў гэты дзень наперадзе пілігрымкі і да якога асаблiва звярталіся з малітвай. У Будслаў СМЕП уваходзіла разам з апекунамі кожнага з шасці дзён вандравання, і гэта было вельмі прыгожа.

Нельга не адзначыць і вялікі ўклад у пілігрымку моладзі, за кожны дзень была адказная група аніматараў, якая распрацоўвала распарадак дня: калі пілігрымы будуць маліцца, адпачываць, спяваць, слухаць радыё СМЕП. Анiматары сачылі за тым, каб пiлiгрымы не выбіваліся з графіку і ў належны час прыходзілі на абеды і начлегі. Таксама арганізатары на кожны дзень прыдумвалі асаблівую фішку, якая дапамагала больш глыбока зразумець тэму дня, а таксама добра правесці час. Удзельнічала моладзь і ў падрыхтоўцы працы па пакоях (групах). Праца па пакоях - гэта своеасаблівы адказ на канферэнцыю. Кожны пілігрым выбіраў сам, чаго жадае: больш даведацца пра біяграфію святога дня, паразважаць над словамі Святога Пісання, падыскутаваць на тэму святасці, паспяваць, адпачыць, пагуляць альбо падзяліцца сваімі ўражаннямі з карыстальнікамі сусветнай павуціны. Ва ўсіх названых момантах правай рукой і падтрымкай для духавенства былі салезіяне супрацоўнікі і аніматары.

Традыцыяй апошняга дня СМЕП ужо доўгія часы быў крыжовы шлях, калі пілігрымы рабілі драўляны крыж і, разважаючы над мукамі Пана Езуса, неслі яго да вызначанага месца, там крыж усталёўвалі і ўмацоўвалі камянямі. У гэтым годзе да дваццацігоддзя СМЕП быў зроблены якасны і трывалы юбілейны крыж, які будзе стаяць праз доўгія гады.

У гэтым годзе СМЕП была асаблівай і непадобнай да іншых, удзел у пілігрымцы прыняла група маладых людзей з салезіянскай Масквы, больш за 40 пілігрымаў шлі да Маці Божай упершыню, усяго ў Будслаў у складзе СМЕП увайшло амаль 130 чалавек.

Нязменнымі ў пiлiгрымцы застаюцца дух евангелізацыі і салезіянскай еднасці. Жыхары вёсак, праз якія пралягае шлях пілігрымкі, з кожным годам усё мацней чакаюць Божых вандроўнікаў. Для іх пілігрымка таксама з’яўляецца благаслаўлёным часам, калі праз паслугу падарожнікам можна паслужыць Богу.

Усяго ў Будслаў пешшу і на роварах прыбыло больш за 2000 пілігрымаў, яны прынеслі да падножжа алтара Маці Божай свае інтэнцыі, падзякі, перапрашэнні, а таксама сведчанне жывой веры.

СМЕП20 завяршылася, але працягваецца нашае пілігрымаванне да дому Нябеснага Айца, няхай жа дэвіз “Святасць таксама і для Цябе!” стане для кожнага з нас надзеяй і мэтай падчас гэтага вандравання.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Давярайце сваё жыццё Марыі і ўбачыце, што такое цуды.

Св. Ян Боско