Пятніца, 05 Ліпень 2019 09:49

"Без сонца любові ўсе твае пачынанні проста згніюць": пяты дзень СМЕП

Аўтар

Перадапошні дзень СМЕП сустрэў пілігрымаў вельмі халоднай раніцай пасля не менш халоднай начы. Але моладзь сагравала радасць ад хуткага спаткання з Маці Божай.

Паснедаўшы, пілігрымы вырушылі ў дарогу, але сустрэлі нечаканую перашкоду ў выглядзе вялікага стада кароў, якія ішлі пасвіцца. Шчасліва размінуўшыся з жывёламі, СМЕП урэшце выправіўся ў шлях.

Галоўны момант дня пілігрымы перажылі ў сярэдзіне дарогі ў Касцяневічах. Святую Імшу ўзначаліў ксёндз Павел Шчарбiцкi SDB, а ксёндз Артур прамовіў казанне. Рэкалекцыяніст, разважаючы над Евангеллем, а менавіта над тым урыўкам, які апавядае пра тое, як да Езуса прынеслі спаралізаванага, адзначыў вялікую вартасць сяброўства, сапраўднага сяброўства. Сяброўства, якое вядзе да Езуса. Чалавек, які можа падтрымаць у цяжкую хвіліну, які хвалюецца таксама і пра тваё рэлігійнае жыццё, з'яўляецца сапраўдным скарбам.

Канферэнцыя адбылася адразу пасля завяршэння святой Імшы. Тэма дня гучала так: "Без сонца любові ўсе твае пачынанні проста згніюць". Нягледзячы на прагнозы сіноптыкаў, сонейка суправаджала пілігрымаў і ў надвор'і. Каб зерне, пасаджанае ў добрую глебу і палітае вадой, прарасло, неабходна сонейка. Сонейкам для нас становіцца пазбаўленне ад эгаізму і цалкавітая любоў да бліжняга. Таксама нам неабходна палюбіць і паважаць саміх сябе, сваю чалавечую годнасць, каб мець магчымасць дзяліцца сапраўднай любоўю з бліжнімі.

Таксама кс. Артур распавёў гісторыю сваёй сям'і, кажучы пра тое, як ягоную бабулю выратаваў святар езуіт Станіслаў Міхальскі. Яго ў 37 гадоў забілі камуністы за адданасць Богу, за любоў да людзей.

Святасць павінна прамяніцца, нашыя ўчынкі павінны быць матывацыяй для людзей рабіць нешта лепшае.

Святой дня стала благаслаўлёная салезіянака Марыя Рамэро, якая была місіянеркай і ўчыніла шмат дабра для маладых дзяўчат, для бедных сем'яў, робячы ўсё магчымае, каб палепшыць іх жыццё.

Тыя пiлiгрымы, якiя вырашылi пайсці ў пакой "Кавалак неба" падчас працы па пакоях, змаглі больш падрабязна даведацца пра святую сённяшняга дня.

У вёсцы Крывічы, якая была канчатковым пунктам на сённяшні дзень, СМЕП сустрэла пілігрымаў з Маладзечна і Гудагая. Вечарам была зладжана адарацыя, на якой была яскрава падкрэслена тэма СМЕП "Святасць таксама і для цябе". Пасля выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту моладзь паказала сцэнку, на завяршэнне якой у шматлікіх прысутных у касцёле людзей на галаве з'явіліся німбы, як відавочны знак рэальнасці святасці для кожнага з нас.

Заўтра пілігрымы пройдуць апошні адрэзак сёлетняй СМЕП і прынясуць свае інтэнцыі да Маці Божай, гэта будзе вельмі радасны і хвалюючы дзень!

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Езус Хрыстус узышоў да неба і сказаў: “Я іду падрыхтаваць Вам царства”. Калі мы маем царства, прыгатаванае ў небе, павінны прымаць за марнасці рэчы гэтага свту. Гэта вялікае чуцяшэнне для нас,  што мы маем ужо прыгатаванае мейсца для нас.

Св. Ян Боско