Панядзелак, 01 Ліпень 2019 21:32

“Калі хочаш сабраць плён, трэба папрацаваць”: мiнуў другі дзень СМЕП

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

Другі дзень салезіянскай пілігрымкі распачаўся са святой Імшы, якую цэлебраваў ксёндз Алег Каралёў SDB у войстамскім касцёле. З навукай да сабраных звярнуўся ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB. Ён адзначыў, што Езус не патрабаваў тых натоўпаў, якія хадзілі за Ім, натоўпаў невядомых, якія не разумелі, кім Ён з'яўляецца. Так і сёння няма вялікай радасці ад поўных касцёлаў, калі яны напаўняюцца людзьмі, якія не прымаюць Божую волю, а патрабуюць сваёй выгады, жадаюць мець Бога зручнага для іх. Мы павінны шукаць Бога, паглыбляючы свае веды, пазнаючы і развіваючы ў сабе дзеянне Слова Божага.

Сёння пераход быў самы кароткі з усіх шасцi дзён пілігрымкі - усяго толькі дзевяць кіламетраў да вёскі Нароч. Але ў Нарочы моладзь чакала насычаная праграмма. Па-першае, сёння адбыўся хрост для ўсіх, хто ўпершыню ўдзельнічае ў СМЕП, па-другое, мясцовыя жыхары заўсёды вельмі чакаюць пілігрымаў, а ўдзельнiкi пiлiгрымы, вядома, вельмі рады ўдзяліць ім свой час.

Канферэнцыя ў гэты дзень адбылася на хутары ў гасціннай гаспадыні пані Ядвігi. Тэма дня гучала так: “Калі хочаш сабраць плён, трэба папрацаваць”. Сімвалам гэтага дня ксёндз Артур абраў рыдлёўку – прыладу, дзякуючы якой мы рыхтуем зямлю да пасадкі насення. Такой рыдлёўкай у нашым жыцці з’яўляецца святая споведзь, асабістае прабачэнне, духоўнае кіраўніцтва.
Прабачэнне з'яўляецца тым, што дапамагае нам ісці да святасці. Нашыя крыўды перашкаджаюць нам і блакіруюць нашую сувязь з Богам. Духоўнае кіраўніцтва дапамагае нам выгнаць зло з нашага жыцця, але яно павінна быць адносінамі, якiя абапіраюцца на Божую волю.

Заступнікамі гэтага дня былі абраныя благаслаўлёныя салезіянскія мучанікі з Познані, якія аддалі сваё жыццё ў канцэнтрацыйным лагеры ў часы Другой сусветнай вайны. Яны сталі прыкладам нязломнай веры і энтузіязму і засталіся вернымі Богу да самага канца.

Калі завяршылася канферэнцыя, у пілігрымаў быў час паразважаць над пачутым падчас пераходу да вёсцы Папоўцы, дзе адбылася праца па пакоях. Той, хто абраў для сябе на сённяшні дзень гульнявы пакой, меў магчымасць пагуляць у розныя гульні. Аніматары праз гульні і забавы раскрывалі для пілігрымаў тэму дня, а таксама дапамагалі адпачыць.

Адным з адметных момантаў гэтага дня стаў пераход праз навясны мост, а таксама хрост пiлiгрымаў. Кожны пілігрым, які першы раз прымае ўдзел у СМЕП, павінен быць "ахрышчаны". Адбываецца гэты абрад пiлiгрымкi так: кандыдат заходзіць у ваду, а святары льюць яму на галаву невялікую колькасць вады, самых адважных акунаюць некалькі раз у ваду з галавой.

Пасля хросту адбыўся вясёлы евангелізацыйны вечар, па добрай традыцыі пілігрымы зладзілі асобную праграму і для дзетак, якіх у Нарочы заўсёды збіраецца шмат. Падчас евангелізацыйнага вечара было шмат цікавага і вясёлага. Напрыканцы была паказана прыгожая сценка пра жыццё благаслаўлёнага салезіянскага мучаніка Стэфана Шандора. Таксама ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB перадаў усім прывітанне ад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які праз інтэрнэт сочыць за СМЕПам і вельмі цешыцца, што ёсць такiя прыгожыя маладыя людзi, якія, нягледзячы на сваю маладосць, жадаюць евангелізаваць. Слоўка на добрую ноч прамовіў Юрый Пашкавец SDB.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Я жадаю студэнтам, каб змаглі пазнаць свецкую навуку, не  забываючыся пра науку Святых.

Св. Ян Боско