Панядзелак, 01 Ліпень 2019 08:56

“Ты выбраная зямля праз Бога”: скончыўся першы дзень СМЕП20

Аўтар

30 чэрвеня са святой Імшы распачалася юбілейная дваццатая салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка. Тэма пілігрымкі ў гэтым годзе па добрай традыцыі супадае з тэмай дэвіза салезіянскага Таварыства на бягучы год: “Святасць таксама і для цябе!”. Рэкалекцыяністам у #СМЕП20, які будзе дапамагаць маладым вернiкам разважаць над тэмай пiлiгрымкi, стаў неапрэзбiтэр Артур Ляшнеўскі SDB.

Важным і адметным момантам сённяшняй Імшы сталі вечныя манаскія абяцанні салезіяніна Юрыя Пашкаўца. Перад усімі пілігрымамі сабрат Юрый склаў вечныя шлюбы чысціні, паслухмянасці і беднасці на рукі рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага Таварыства на Беларусі ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB, які і цэлебраваў святую Імшу.

Пасля Імшы быў зроблены гістарычны фотаздымак юбілейнай 20-й СМЕП і прыгожа апранутыя пілігрымы з радаснымі спевамі распачалі свой шлях, каб за шэсць дзён, пераадолеўшы адлегласць у 105 кіламетраў, дайсці да будслаўскай святыні і ўкленчыць перад абразом Маці Божай.

У першы дзень пілігрымаў чакаў шлях да Войстама працягласцю ў 21 кіламетр. А тэма гэтага дня гучала так: “Ты выбраная зямля праз Бога”. Прайшоўшы палову шляху, СМЕП спынілася ў вёсцы Вострава, дзе адбылася канферэнцыя і праца па групах.

Традыцыйна ў Вострава паслухаць рэкалекцыю прыйшло таксама і шмат мясцовых жыхароў.
На пачатку сваіх разважанняў рэкалекцыяніст прачытаў урывак са Святога Пісання, у якiм апавядаецца гісторыя радаводу Езуса. Ксёндз Артур адзначыў, што ў радаводзе Езуса былі грэшнікі і грэшніцы, людзі недасканалыя, слабыя, але Бог не цураецца ўвайсці ў гэтую сям'ю. Гэта падкрэслівае тое, што кожны чалавек, кожная асоба з'яўляецца важнай і можа прыняць удзел у збаўленні. Няма такой "паломкі", такой бяды, якую не мог бы выправіць Езус. Углядаючыся ў свой уласны радавод шматлікія з нас могуць заўважыць, што ён больш дастойны, чым нават у самаго Бога! Дык чаму ж мы ў такім выпадку не можам стаць святымі? Напрыканцы канферэнцыі ксёндз Артур прадставіў маладым людзям асобу святога сённяшняга дня. Iм стаў благаслаўлёны Аўгуст Чартарыскі – салезіянскі святар вельмі знатнага паходжання. Менавіта знатнае паходжанне перашкаджала князю на шляху да святарства. Нават сам ксёндз Боско сумняваўся, што такі знатны чалавек зможа зламаць сябе, адмовіцца ад раскошы і жыць сціпла і проста, прысвяціўшы сябе служенню Богу і людзям. На прыкладзе гэтага святога рэкалекцыяніст падкрэсліў, што Бог кожнаму дае здольнасці і магчымасці, каб стаць святым. Для Бога няма няплоднай зямлі і выключна ад нас і нашага жадання прыняць Божую волю залежыць, ці рэалізуем мы сваё натуральнае пакліканне да святасці.

Пасля канферэнцыі адбылася праца па групах. Кожны пілігрым меў магчымасць выбраць групу (пакой), якая яму больш пасуе. У гэтым годзе такіх пакояў было сем: «Капліца», «Пустыня», гульнявы пакой, «Кухня», online-евангелізацыя, музычна-малітоўны і «Кавалак неба». Сёння падрабязней спынемся на двух з іх, і ў кожны наступны дзень пілігрымкі будзем асвячаць дзейнасць аднаго з пакояў.

СМЕПаўцы, якія выбiраюць пакой “Капліца”, з дапамогай аніматараў разважаюць над урыўкам з Бібліі па тэме дня. Падчас разважанняў раскрываецца гістарычны і тэалагічны сэнс дадзенага ўрыўка, вядзецца дыскусія на тэму актуальнасцi Божага Слова ў сучасных умовах.

Пакой “Пустыня” таксама прапануе ўдзельнікам урывак з Бібліі і які-небудзь сімвал, але разважанні адбываюцца ў цішыні, кожны можа застацца сам-насам з уласнымі думкамі, пачуццямі і разважаннямі, альбо проста знайсці час на адпачынак, калі стомленнасць ужо не дазваляе думаць.

Калі праца па групах завяршылася, пілігрымы вырушылі ў далейшы шлях. Вечарам іх ужо чакалі жыхары вёскі Войстам. У вёсцы пiлiгрымаў разам з вернiкамi сустракаў мясцовы пробашч Уладзімір Сурвіла.

Каля войстамскай школы адбыўся евангелізацыйны вечар. Падчас вечара і пiлiгрымы, і мясцовыя жыхары былі запрошаны на казачны баль, на які таксама прыехалі прынцэсы і кавалеры са шматлікіх каралеўстваў. Таксама на завяршэнне вечара моладзь павіншавала Юрыя Пашкаўца SDB з яго вечнымі шлюбамi і падаравала яму заплечнік пілігрыма. Завяршылася праграма слоўкам на добрую ноч.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Перш чым узяцца за якую-небудзь справу, будзь упэўнен, што яна згодна з воляй Бога. Калі Пан Бог пажадае, будзеш мець адвагу, пераадолееш перашкоды і ўсе цяжкасці, якія спаткаеш на тым шляху

Св. Ян Боско