Чацвер, 27 Чэрвень 2019 23:46

Гісторыя СМЕП

Аўтар

Гісторыя пілігрымавання бярэ свой пачатак ад самых першых гадоў хрысціянства. Ужо першыя хрысцiяне наведвалі святыя мясціны, перапрашаючы за свае грахі і просячы аб неабходных ласках. У гісторыі шмат напісана пра тое, як вядомыя каралі і валадары зямель здзяйснялі пешыя падарожжы да славутых святынь, каб выказаць сваю пашану і паказаць уласную нікчэмнасць перад Усемагутным Богам. З падручнікаў па гісторыі мы ведаем, што і для беларускай зямлі пілігрымаванне не з’ўляецца нечым новым. Напрыклад, наша славутая зямлячка святая Ефрасіння Полацкая здзяйсняла падарожжы ў Святую зямлю.

 

1

З распаўсюджваннем хрысціянскай веры пачалі з’яўляцца новыя месцы для пілігрымавання па ўсім свеце. У асноўным гэта былі месцы пахавання славутых святых, якія сваім жыццём і смерцю праславілі Пана Бога, месцы з’яўлення Маці Божай, месцы, дзе знаходзiлiся цудадзейныя абразы, каля якіх вернікі выпрошвалі для сябе шматлікія ласкі. З’яўляліся такія месцы і на беларускай зямлі: Будслаў, Тракелі, Лагішын, Гудагай, Бялынічы. I гэта толькі некаторыя месцы, куды вернiкi, якiя пражывалi на тэрыторыi сучаснай Беларусi, маглi прыйсцi, каб праславiць Бога.

2

Шлях хрысціянскай веры ніколі не быў простым. Без цярпенняў і выпрабаванняў няма збаўлення, гэта нам даў зразумець сам Езус Хрыстус, аддаўшы за нас на крыжы сваё жыццё. Праз выпрабаваннi прыйшлося прайсцi i беларускiм вернiкам, калi на нашых землях распачаў валадарыць атэістычны камуністычны рэжым. У той час традыцыя пiлiгрымавання на Беларусі была прымусова завершана альбо загнана ў падполле. Цэрквы і касцёлы зачыняліся, святароў кідалі ў вязніцы, руйнаваліся святыні, рэлігійныя практыкі былі пад жорсткай забаронай, з чалавечага розума выціскаліся ўсе думкі пра Бога. Ліхія часы доўжыліся больш за 70 год, але людская вера, малітва і адданасць здолелі перамяніць цяжкае становішча. З падзеннем атэiстычнага рэжыму вера пачала адраджацца, вярталіся святыні, пачалі зноў хадзіць пілігрымкі.

3

Салезіяне аднымі з першых пачалi працаваць i аднаўляць веру на нашай зямлі. Гэта былі цяжкія часы, поўныя выпрабаванняў, цяжкасцяў і непаразумення, але таксама гэта былi часы, прасякнутыя натхненнем і надзеяй на лепшую будучыню. Людзі пачалі ўспамінаць старыя і пракладваць новыя шляхі да святынь, аднаўляючы традыцыі пілігрымавання.

4

Моладзь з салезіянскіх парафій таксама ўдзельнічала ў пілігрымках, гэта быў пачатак 1990-х гадоў. У салезіянаў са Смаргоні было два магчымых маршрута: ісці з Ліды ў Будслаў, альбо з Ашмянаў у Тракелі. Хадзiлi ў абедзве пiлiгрымкi, але дарога ў Тракелі здавалася больш прывабнай. Салезіяне з Мінску хадзілі ў пілігрымку Мінск – Будслаў, якая выходзіла і працягвае выходзіць зараз з мінскай архікатэдры Iмя Найсвяцейшай Панны Марыi.

5

У 2000 годзе пілігрымка з Ашмянаў у Будслаў не арганізавалася. Для салезіянаў гэта быў выклік – трэба рабіць нешта сваё!

6

Таксама ў гэты час сястра Маргарыта Пятрушчак FMA разам з моладзю арганiзавала падарожжа ў Польшу, каб прыняць удзел у салезіянскай евангелiзацыйнай пілігрымцы SPE. Гэтае падарожжа стала добрым вопытам і запалам. Напітаўшыся жывымі ўсходамі веры, прарастаўшымi на зямлi, якая ў свой час была не так моцна ахоплена камунiзмам як наша, моладзь, поўная энтузіязму і жадання нешта змяніць, вярнулася ў нашу рэчаіснасць.

7

Варта адзначыць, што першая пілігрымка, якая выйшла са Смаргоні ў 2000 годзе, яшчэ не насіла афіцыйную назву СМЕП, бо была арганізавана спантанна з-за адмены пілігрымкі з Ашмянаў. У той год пілігрымы дайшлі да Ашмянаў, і далей крочылі ўжо звыклым маршрутам. Колькі чалавек узяло ўдзел у гэтай пілігрымцы, дакладна ўжо ніхто не памятае, называюць лічбу каля 50 чалавек.

8

Да другой пiлiгрымкi СМЕП была ўжо іншая падрыхтоўка, больш грунтоўная і дасканалая. Распачынаць рабіць уласную пілігрымку ў той час было складана. Не было мікрафонаў, ніякай атрыбутыкі, дамоўленнасці з кухняй, з уладамі, не было таксама і грошаў на ўсё гэта. Усе гэтыя клопаты ўзяла на сябе моладзь разам з сястрой Маргарытай, якая да сённяшняга дня знаходзіцца ў вялікім захапленнi ад нашых маладых людзей: яны не здаваліся, не наракалі, яны верылі і шчыра радаваліся кожнай дробязі, ездзілі па суседніх парафіях, прасiлi святароў, каб дапамаглі з мікрафонамі і іншым абсталяваннем. Святары дапамагалі, нягледзячы на тое, што нават і не ведалі асабіста гэтых падлеткаў. Неаднаразова моладзь праязджала маршрут, шукаючы сродкі. Маладыя людзi друкавалі спеўнікі... яны жылі пілігрымкай. Са спеўнікамі дапамог ксёндз Алег Жураўскі SDB, вялікі ўнёсак у падрыхтоўку першых пілігрымак зрабiлі таксама цяперашні біскуп, а на той час ксёндз Аляксандр Яшэўскі SDB і ягоны паплечнік ксёндз Уладзімір Кабак SDB.

10

Цікава, што напачатку СМЕП літара “С” у абрэвіятуры азначала не “салезіянская”, а “смаргонская”. Гэта было зроблена для таго, каб моладзь з іншых парафій не баялася далучацца да пілігрымавання. Была і яшчэ адна недакладнасць. Нехта дапусціў памылку, напісаўшы не “Евангелізацыйная”, а “Эвангелізацыйная”, таму доўгі час СМЕП была СМЭПам. Але гэтая недарэчнасць не перашкаджала моладзі радавацца, што яны маюць уласную, беларускую салезіянскую пілігрымку. Сцяг пашылі самі, таблічку таксама рабілі сваімі рукамі. Вырашылi iсцi ў майках белага колеру, каб падкрэсліць чысціню душы, да якой мы ўсе імкнемся, а колер хусткі стаў чырвоным, што сімвалізуе агонь Духа Святога. Як бачым, гэтыя сімвалы застаюцца нязменнымі з самых першых СМЕПаў.

14.1

Шматлікія традыцыі салезіянскай пілігрымкі былі запазычаны з досведу SPE i адаптаваны да нашай рэчаіснасці. Да такiх традыцый можа аднесцi хрост, крычалкі, адказ ад марозіва, ад купання ў вадаёмах, праца ў групах, прывітанне Маці Божай праз ляжанне крыжам. Як могуць заўважыць сучасныя ўдзельнікі пілігрымкі, гэтыя традыцыі захаваліся да сённяшняга дня, таму Міраслаў Куцько, Віталій Арцёменка і іншыя маладыя людзi, якiя арганізоўвалi першыя пілігрымкі, могуць намі ганарыцца!

14

Галоўнай традыцыяй і адметнасцю СМЕП стала евангелізацыя, пілігрымка не проста прыходзіць на месца начлегу і адпачывае, не проста праходзіць праз гарады і вёскі. Маладыя людзі праводзяць для мясцовых жыхароў евангелізацыйныя вечары, дзеляцца сведчаннем веры, заходзячы ў хаты, маюць заданне сведчыць людзям пра Хрыста.

15.1

Цікавую гісторыю распавяла сястра Маргарыта. У першых СМЕПах быў вельмі папулярны спеў “Воины Господни”, моладзь запланавала зрабіць вельмі незвычайны ўваход у Тракелі, намазаўшы свае твары белымі фарбамі, каб выглядала як баявая афарбоўка, на знак таго, што ўсе памазаны Святым Духам і з’яўляюцца воiнамi Хрыста. Ідэя для моладзі была вельмі прывабнай і захапляючай, яны вельмі радаваліся сваёй крэатыўнасцi і такому надзвычайнаму спосабу прадэманстраваць сваю веру. Але такая ідэя спадабалася не ўсім, і сястра Маргарыта была вымушана папрасіць моладзь змыць фарбы з твараў. Разумеючы, што для моладзі гэта было вельмі важна, памятаючы, як яны рыхтаваліся, сястра вельмі хвалявалася і запомніла тыя словы, якія прамовіла: “Дарагая моладзь, падчас пілігрымкі шмат было пакуты, праўда? Мазалі, сонца, дождж… Але патрэбна яшчэ адна пакута, яшчэ адна ахвяра. Ахвяра - гэта нешта высокае, што трэба пакласці на алтар, спаліць… Мы ідзем і я кажу, дарагая моладзь, дарагі малады чалавек, я цябе прашу, змый гэты макіяж воiна, ачысці свой твар, мы будзем уваходзіць у Тракелі без гэтага”. Маладыя людзi павярнулiся, вочы ў іх былі поўныя слёз, i ў гэтых вачах можна было ўбачыць толькі адно пытанне: “Сястра Маргарыта, чаму?”. “Я не ведала, што адказаць у гэты момант, - працягвае апавядаць сястра Маргарыта, - мяне падтрымала сястра Люцыя Бальцэвiч FMA, якая жэстам паказала пiлiгрымам, каб яны рабілі так як я сказала. Я велімі ўдзячна вам, дарагая моладзь, што вы гэта зрабілі, што зрабілі яшчэ адну ахвяру, можа, гэта была тая неабходная ахвяра і для нас, і для Бога ў той момант, сведчанне нашай пакоры”.

17

Міналі гады і СМЕП набывала сваю важкасць, станавілася больш вядомай і прывабнай для маладых людзей. Пілігрымка працягвала хадзіць са Смаргоні ў Тракелі, да салезіянаў далучалася моладзь з іншых парафій, таксама ўдзел у пiлiгрымцы прымалі і некаторыя прадстаўнікі салезіянаў з Мінску, але асноўная маса мінчан працягвала хадзіць у пілігрымку Мінск – Будслаў.

18

Так працягвалася да 2012 года, калі ксёндз Іван Огар SDB і ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB паставілі перад сабой мэту зрабіць СМЕП агульнабеларускай для ўсіх салезіянаў і не толькі. У гэты ж перыяд распачалася глабальная інтэграцыя паміж салезіянскімі араторыямі: Мінск, Смаргонь, Бараўляны, Дзятлава пачалі рабіць агульныя акцыі, распрацоўвалася і рэалізоўвалася агульнабеларуская фармацыя для аніматараў.

20

Добрая ідэя - распрацоўваць новую пілігрымку, але гэта адначасова i новыя цяжкасці. Было супраціўленне і з боку моладзі. Моладзь з Мiнска прывыкла да архікатэдральнай пілігрымкі і не жадала нічога змяняць, смаргонцы жа вельмі любілі сваю трасу ў Тракелі. Цяжка было таксама і жыхарам вёсак, праз якія праходзіла СМЕП, за 12 год яны прывыклі да евангелізацыйных вечароў, кожны год з вялікай радасцю і любоўю чакалі пілігрымаў. Але ніякія змены не праходзяць бясследна, рашэнне было прынята і распачалася падрыхтоўка новай трасы.

21

Месцам пілігрымавання быў абраны Будслаў, бо гэта галоўны нацыянальны санктуарый, выходзіць вырашылі са Смаргоні. Будслаў быў абраны таксама і таму, што ў Тракелях усе набажэнствы праводзіліся на польскай мове, якая была не зусім зразумелай для моладзевай пілігрымкі. Выбіралася новая траса, арганiзатары дамаўляліся з людзьмі на начлег, на прыпынкі, пагранічная вайсковая частка згадзілася дапамагаць з прыгатаваннем ежы. Праца вялася, і напрыканцы чэрвеня 2012 года Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка ўпершыню вырушыла са Смаргоні ў Будслаў. Напачатку было складана, былі і канфлікты паміж аніматарамі з розных араторыяў, былі цяжкасці з трасай, было незразумела ці ўсё атрымаецца. Але час прайшоў, усё атрымалася, зараз пра канфлікты ўжо ніхто не ўзгадвае, моладзь з розных араторыяў пасябравала і стала адной дружнай сям’ёй, жыхары населеных пунктаў на новай трасе таксама шчыра чакаюць пілігрымаў.

23

СМЕП жыве! За дваццаць год было шмат, юнакі і дзяўчаты, дзякуючы якім паўстала першая салезіянская пілігрымка, ужо пасталелі і стварылi ўласныя сем’і, іх дзеці ўжо гатовыя заняць сваё месца сярод пілігрымаў. Якой СМЕП будзе далей, вядома аднаму Богу, але змены будуць, жыццё не стаіць на месцы і рух дае развіццё.

24

Фотаздымкі з пілігрымкі можна знайсці ў сацыяльных сетках, на сайтах, зараз інфармацыі вельмі шмат. Калі жадаеце далучыцца да нашай вялікай пілігрымкаўскай сям’і і стаць часткай гісторыі СМЕП, то сачыце за навінамі, мы з радасцю вас чакаем.

25

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Усе павінны заставіць у Езусе сваю надзею, паверыць у Яго, даверыцца Яму, таму што толькі Ён праз свю муку і смерць зрабіў нас Божымі сынамі, сваімі братамі, прыемнікамі тых жа скарбаў у небе.

Св. Ян Боско