Аўторак, 17 Ліпень 2018 09:16

СМЕП-19: як салезіянская пілігрымка крочыла да Маці Божай Будслаўскай у 2018 годзе

Аўтар

Невялікая вёска Будслаў, што знаходзіцца ў Мядзельскім раёне, ужо даўно вядома не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Галоўным чынам - дзякуючы цудадзейнаму абразу Маці Божай Будслаўскай, апякункі Беларусі, якая ўжо шмат вякоў спасылае свае ласкі тым, хто да яе звяртаецца.

У Будслаў здаўна здяйсняюцца пілігрымкі, гэта традыцыя ў нашым краі хутка аднавілася пасля падзення камуністычнага рэжыму. Зараз тысячы пілігрымаў пешшу, на роварах, аўтамабілях, цягніках кожны год прыбываюць на Будслаўскі фэст з усіх куткоў нашай краіны і з-за яе межаў.

У 2018 годзе пешых пілігрымаў у Будслаў прышло 2662 чалавекі, 110 з іх шло ў салезіянскай моладзевай евангелізацыйнай пілігрымцы (СМЕП). Знайсці ў інтэрнэцэ фота і відэа з пілігрымкі можна па хэштэгу #СМЕП19. 19 – таму, што менавіта столькі раз салезіяне разам з моладзю пераадольвалі шлях да Маці Божай.

Салезіянская пілігрымка ідзе са Смаргоні шэсць дзён, удзел у ёй прымае моладзь узростам ад 14 да 35 год. Як заўсёды, салезіянская пілігрымка мела вызначаную тэму, якая супадала з дэвізам Салезіянскай сям’і на бягучы год. Сёлета яна гучала так: “Пане, дай мне Гэтай вады!”. Кожны дзень пілігрымы разважалі над рознымі аспектамі дадзенай тэмы з дапамогай канферэнцый, працы па “пакоях”, фішак дня. Канферэнцыі кожны дзень прамаўлялі розныя аратары з кожнай галіны Салезіянскай сям’і. Удзельнікі пілігрымкі мелі магчымасць кожны дзень, адгукаючыся на свой настрой і жаданні, наведаць адзін з наступных “пакояў”, у якіх праводзілася праца па групах над тэмай дня:

  • Капліца;
  • Малітоўна-Музычны;
  • Оnline-евангелізацыя;
  • Кухня;
  • Пустыня альбо цішыня;
  • Гульнявы пакой.

У кожным з іх адказныя (духоўныя асобы, аніматары, салезіяне супрацоўнікі) дапамагалі моладзі разважаць над тэмай дня згодна са спецыфікай свайго “пакоя”.

Тэмы дня ў гэтым годзе ў СМЕП былі наступнымі:

  • “Сустрэча, якая не застаўляе абыякавым - Слухаць”;
  • “Сустрэча, якая падштурхоўвае ісці наперад - Распазнаваць”;
  • “Сустрэча, якая перамяняе жыццё - Суправаджаць”;
  • “Сустрэча, як спрыяльны час для рэалізацыі - Пакліканне”;
  • “Ксёндз Боско – мастак сустрэчы”;
  • “Марыя – Настаўніца сустрэчы”.

З гэтымі тэмамі, думкамі, інтэнцыямі, клопатамі і радасцямі пілігрымы шэсць дзён ішлі да Маці Божай.

Гэтай дарогай і праз гэтыя месцы СМЕП ідзе ўжо сёмы год запар, зараз можна казаць, што сталі бачны плёны гэтага пілігрымавання. Жыхары вёсак і гарадоў, праз якія пралягае шлях СМЕПа, чакаюць пілігрымку, жадаюць прымаць пілігрымаў, сутыкнуцца з іх бадзёрасцю, радасцю і верай. Евангелізацыйныя вечары ў вёсках Войстам, Нароч, Рэчкі збіраюць усё больш мясцовых жыхароў. Напэўна пілігрымы нават не усведамляюць, якім вялікім прыкладам і сведчаннем яны з’яўляюцца для іншых людзей, калі ідуць у калоне пілігрымкі, молячыся і спяваючы, праслаўляючы Бога. І яны павінны прыкладаць вялікія намаганні, каб сапраўды адпавядаць таму уражанню, якое ствараюць.

Апошні дзень пілігрымкі у гэтым годзе запомніцца на вельмі доўгі час. Ужо традыцыйна апошнія дні СМЕПа суправаджаюцца дажджом, але ў гэтым годзе дождж ішоў, не сціхаючы, да яго далучылася вельмі халоднае надвор’е. Нехта з пілігрымаў казаў, што гэты дзень быў самым халодным летнім днём у Беларусі за апошнія 110 гадоў! Нягледзячы на ўсе цяжкасці такога мокрага і халоднага падарожжа, перамагаючы іх, пілігрымы ішлі наперад і нават спявалі спевы і гучна крычалі. Маці Божая дачакалася салезіянскую моладзь і ласкава абняла яе плашчом сваёй малітвы. Імша для пілігрымаў адбылася ў будынку касцёла, а пасля некаторыя пілігрымы вярнуліся дамоў, некаторых прытулілі мясцовыя жыхары, некаторыя стараліся не замерзнуць у намёткавым гарадку, чакаючы заўтрашняга фэсту.

Такім было пілігрымаванне салезіянаў да Будслава ў 2018 годзе. Нягледзячы на ўсе прыгоды апошняга дня, здаецца, ніхто цяжка не захварэў. Магчыма, гэта таксама можна лічыць адным са шматлікіх цудаў Маці Божай Будслаўскай.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Хачу Вам расказаць, чаго хоча ад вас д’ябал, а чаго баіцца. Шатан хоча, каб вы нічым не займаліся, і вельмі баіцца, калі бачыць вас працуючымі. Таму гэта можна растлумачыць так: пакуль вы лянуецеся — ён адпачывае, бо калі вы ў пустую марнуеце час, яму нічога не трэба рабіць, бо ваша лянота працуе за яго.

Св. Ян Боско