Нядзеля, 01 Ліпень 2018 23:19

СМЕП-19, дзень шосты, апошні: “Марыя – Настаўніца сустрэчы”

Аўтар

Раніца апошняга дня СМЕПа сустрэла пілігрымаў вельмі сцюдзёным для лета надвор'ем. Моцны і халодны вецер быў не лепшым спадарожнікам для пілігрымаў, але не надта моцна псаваў настрой, бо ўсіх грэла думка, што ўжо сёння адбудзецца сустрэча з Той, да Якой мы ішлі ўсе гэтыя шэсць дзён. Апошнія перашкоды толькі дадавалі натхнення і ўпэўненасці ў вартасці падарожжа да Будслава.

Сімвалічна, што тэма апошняга дня, калі СМЕП уваходзіць у Будслаў, сустракаючыся з Маці Божай, гучала так: “Марыя – Настаўніца СУСТРЭЧЫ”. Канферэнцыю па гэтай тэме прамовіла сястра Вераніка Огар FMA. Сястра адзначыла, што Марыя ў Евангеллі паказана вельмі пакорнай жанчынай, якая з аднолькавым спадзяваннем на Бога сустракае і цяжкасці, і радасці ў сваім жыцці. Бог праз Марыю рабіў справу збаўлення свету, Яна адказала “так”, вельмі рызыкавала, але давярала Богу. Бог таксама рызыкаваў, давяраючы такую важную справу простаму чалавеку. І праз нас Бог працягвае збаўляць свет, даючы нам шматлікія таленты, але мы павінны таксама даверыцца Яму і слухаць Яго волю.

Марыя вельмі вялікую ролю адыгрывае і ў Салезіянскай сям'і. Напрыканцы жыцця ксёндз Боско плакаў, калі ўзгадваў, колькі цудаў Маці Божая здзейсніла ў яго жыцці. Плакаў таксама і ад таго, што, па яго словах, ён замала давяраў Марыі, бо мог зрабіць бы яшчэ больш. “Даверцеся Марыі - і вы ўбачыце, што такой цуды”, -казаў святы Ян Боско.

Пасля канферэнцыі адбылася апошняя для гэтага СМЕПа праца ў групах і пілігрымка вырушыла далей. Варта адзначыць, што дождж не спыняўся на ўсім далейшым шляху.

Пасля абеда і Крыжовага шляху, які традыцыйна адбываецца ў апошні дзень пілігрымкі, прамоклыя да ніткі пілігрымы з гучнымі крычалкамі ўвайшлі ў Будслаў, вітаючы Маці Божую.

Імша для пілігрымаў таксама суправаджалася дажджом, але 2662 пілігрыма з усіх куткоў нашай бацькаўшчыны, нягледзячы на гэта, прынялі ўдзел у ахвяры Пана.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Памятайце, дзеці мае, што кожны хрысціянін абавязаны даваць прыклад бліжняму, ніводнае слова не выхоўвае так, як добры прыклад.

Св. Ян Боско