Пятніца, 29 Чэрвень 2018 08:17

СМЕП-19, дзень трэці: “Сустрэча, якая перамяняе жыццё - суправаджаць”

Аўтар

Раніцай трэцяга дня СМЕП развітаўся з гасціннымі жыхарамі вёскі Нароч і вырушыў у шлях. Пілігрымам у гэты дзень было неабходна пераадолець 17 кіламетраў, каб дабрацца да Вілейкі. Тэма трэцяга дня гучала так: “Сустрэча, якая перамяняе жыццё - суправаджаць”.

Канферэнцыю ў гэты дзень для пілігрымаў прамовіла сястра Дар’я Еўтухоўская FMA. Разважаючы над тэмай дня, сястра Дар’я звярнула ўвагу на тое, што супраджэнне нам неабходна для таго, каб мы дасягнулі нейкай мэты. Сястра разважала над асобай духоўнага кіраўніка,распавядыючы, хто ім можа быць і якія якасці павінны быць яму ўласцівы. Сястра Дар’я растлумачыла, для чаго неабходна духоўнае кіраўніцтва і якія плёны яно можа прынесці. Найлепшым прыкладам духоўнага кіраўніка з'яўляецца Езус. Ён ідзе побач са сваімі вучнямі і падказвае ім, не навязваючы сваю волю.

Асоба духоўнага кіраўніка часта іграла важную ролю і ў жыцці святых - сястра Дар'я распавяля пра прыклад духоўнага кіраўніка ў жыцці св. Марыі Дамінікі Мадзарэлло.

Пасля канферэнцыі пілігрымка вырушыла далей, да вёскі Шылавічы, дзе вернікаў чакалі адпачынак, абед і праца ў групах. Аднавіўшы духоўныя і фізічныя сілы, моладзь накіравалася ў Вілейку, у дарозе ў пілігрымаў была магчымасць гучна спяваць і скандзіраваць новыя крычалкі, аўтарам якіх выступіў дыякан Артур Ляшнеўскі SDB.

У Вілейцы СМЕП сустракаў мясцовы пробашч кс. Аляксандр Барыла. Амаль адразу пасля прывітання распачаўся вясёлы евангелізацыйны вечар, пасля якога адбыўся цэнтральны для кожнага пілігрыма момант - святая Імша.
Вілейка заўсёды вельмі гасцінна сустракае СМЕП, не стаў выключэннем і гэты год. Адразу пасля Імшы вілейчане ўжо чакалі пілігрымаў, каб падзяліцца з імі сваёй гасціннасцю і зрабіць учынак міласэрнасці, прыняўшы ў свой дом падарожнага.

Палова шляху пілігрымкі ўжо пройдзена, былі і першыя мазалі,і першая стомленасць, і першыя выпрабаванні. Наперадзе яшчэ тры дні, альбо ўсяго тры дні. Пілігрымы будуць імкнуцца выкарыстаць гэтыя дні як мага больш плённа, а дапаможа ім у гэтым Маці Божая, якая чакае і любіць кожнага.

 

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пан Бог зможа ўзнагародзіць ахвярнасць, якая дзеецца, каб быць паслухмяным Яго Святой воле.

Св. Ян Боско