Чацвер, 28 Чэрвень 2018 04:45

СМЕП-19, дзень 2: “Сустрэча, якая падштурхоўвае ісці наперад -распазнаваць”

Аўтар

Другі дзень салезіянскай пілігрымкі распачаўся са святой Імшы. Казанне для пілігрымаў прамовіў дыякан Артур Ляшнеўскі.

Звяртаючыся да вернікаў, дыякан адзначыў, што кожны з прысутных з’яўляецца прарокам. Дыякан Артур падкрэсліў, што Бог паклікаў кожнага быць прарокам, што прарок павінен казаць праўду радыкальна, а не гаварыць тое, што хоча пачуць ад яго іншы чалавек. Праўда робіць прарока бачным, таму варта задумацца над тым, хто з нас з’яўляецца праўдзівым прарокам, а хто – фальшывым. Прарок не можа адначасова рабіць знак Крыжа, а потым рабіць зло, не можа вуснамі вымаўляць веру ў Бога і зласловіць. Калі рабіць нешта на два фронты, то немінуча прайграеш.

Напрыканцы Імшы прысутныя павіншавалі добра знаёмага ім пробашча войстамскай парафіі Уладзіслава Сурвіла, які некалькі год таму сам крочыў шляхамі СМЕПа і які адзначаў дзень сваіх імянін.
У гэты дзень СМЕП ішла з Войстама ў Нароч, разважаючы над тэмай “СУСТРЭЧА, якая падштурхоўвае ісці наперад - РАСПАЗНАВАЦЬ”. Канферэнцыю па дадзенай тэме для пілігрымаў прамовіў ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB, які адмыслова для гэтага з Мінска завітаў у СМЕП. Ксёндз Аляксандр разважаў у сваёй канферэнцыі над сцэнай з Евангелля, у якой Езус спаткаўся з самаранкай. Святар распавёў пра гісторыю адносінаў паміж юдэямі і самаранамі, а таксама пра гісторыю месца, дзе адбывалася сустрэча. Так сэнс евангельскай сцэны стаў больш зразумелы.

У канферэнцыі ксёндз Аляксандр казаў, што мы па прыкладу самаранцы павінны пасля сустрэчы з Езусам абудзіцца ад свайго старога жыцця. Мы павінны прагнуць той жывой вады, якую нам прапануе Бог, а не таго, што ў дадзены момант патрабуе нашае цела. Таксама ксёндз Аляксандр звярнуў увагу на тое, што мы павінны больш глыбока перажываць Эўхарыстыю, бо гэта нашая студня, месца, дзе мы сустракаемся з Хрыстом.
У Нарочы ўжо па добрай традыцыі адбыўся Хрост пілігрымаў, якія ўпершыню ідуць у СМЕП.
Вечарам жыхары Нарочы ўжо чакалі евангелізацыйны вечар, які кожны год для іх прэзентуюць пілігрымы.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не ўсе здольныя пасціць і даваць багатую міласціну, удзельнічаць у доўгіх пілігрымках дзеля Божай хвалы, але кожны здольны любіць Бога, дастаткова толькі гэтага хацець.

Св. Ян Боско