Серада, 27 Чэрвень 2018 09:33

СМЕП-19, дзень першы: “Сустрэча, якая не пакідае абыякавым - слухаць”

Аўтар

Вось і надышоў доўгачаканы кожным пілігрымам момант - са Смаргоні выйшла дзевятнаццатая Салезіянская Моладзевая Евангелізацыйная Пілігрымка. Па сведчанням шматлікіх маладых людзей, пілігрымка для іх - гэта адзін з самых важных, выдатных і плённых перыядаў на працягу года.

Сёлетні шлях пілігрымаў будзе суправаджацца дэвізам “Пане, дай мне гэтай вады!”. Разважаць над гэтай тэмай вернікам будуць дапамагаць штодзённыя канферэнцыі і праца ў невялікіх групах.

Распачалася салезіянская пілігрымка традыцыйна са святой Імшы, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Пад час казання ксёндз Віктар разважаў над дэвізам Салезіянскай сям'і на бягучы год, які супадае з дэвізам пілігрымкі. Рэгіянальны настаяцель звярнуў увагу на тое, што над дэвізам мы разважаем ужо цэлы год, глыбей раскрываючы яго ў такіх буйных якцыях, як Салезіянскія дні моладзі і СМЕП. Дэвіз заклікае даць маладому чалавеку тое, што ён сапраўды патрабуе, слухаць яго, суправаджаць. Але мы, прыналежныя да Салезіянскай сям’і, робім гэта не самі, фінальным і галоўным пунктам з'яўляецца сустрэча з Езусам Хрыстом.

Тэма першага дня ў рамках дэвіза пілігрымкі гучала так: “Сустрэча, якая не пакідае абыякавым - слухаць”. Раскрыць гэтую тэму ў канферэнцыі сёння дапамагалі салезіяне супрацоўнікі Эдуард і Вераніка Рогач, а таксама Алена Аўласевіч. Тры галоўныя аспекты ўмення слухаць, якія сённяшнія лектары адзначылі ,былі наступнымі: слухаць самога сябе, слухаць іншага чалавека і слухаць Бога.

Пасля канферэнцыіі адбылася праца ў невялікіх групах, якая дапамагла пілігрымам больш глыбока паразважаць над тэмай дня.

Вечарам СМЕПаўцы прыйшлі ў веску Войстам, дзе пасля вячэры адбыўся традыцыйны вясёлы вечар, які завяршыўся слоўкам на добрую ноч.
Стомленыя, але задаволеныя пілігрымы разышліся на начлег у мясцовую школу і намёты, каб набрацца сіл на чарговы дзень шляху да Маці Божай Будслаўскай!

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Араторый без музыкі, як цела без душы.

Св. Ян Боско