Малітвы да св. Яна Боско аб атрыманні пэўнай ласкі

О святы Яне Боска, ты меў сэрца вялікае, як бяскрайняе мора, і палаў непахіснаю вераю ў Божы Провід. Не было чалавека, міма якога ты раўнадушна прайшоў бы, не дапамог бы і не суцешыў. Выслухай маю малітву і сваім магутным заступніцтвам выпрасі для мяне ў Сэрца Езуса праз заступніцтва Марыі Успамогі Хрысціянаў ласку, аб якой цябе так горача прашу (назваць інтэнцыю).
О святы Яне Боска, ратуй мяне ў цяжкасцях, каб мая душа з яшчэ большым запалам крочыла па шляху збаўлення. А я з пачуццём удзячнасці буду працаваць па меры сваіх сілаў на карысць дабра душаў і дзеля падтрымкі тваёй справы, маючы нязломную надзею, што калісьці, ужо ў супольнасці збаўленых, змагу аддзячыць табе за атрыманыя ласкі. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Святы Яне Боска, маліся за нас.

* * *
О святы Яне Боска! Ты бачыш, як шмат зла нас прыгнятае і засмучае. Сённяшні дзень поўны неспакою, яшчэ больш няпэўнае заўтра, а цярпенне стала нашым штодзённым спадарожнікам. Няхай жа ўзрушаць тваё сэрца нашыя людскія няшчасці. Ты ж таксама спазнаў гора, беднасць, адзіноту, здзекі і пераследаванні; дзякуючы гэтаму жыццёваму досведу ты ўмеў перамяняць боль у радасць і несці яе ўсім, хто да цябе звяртаўся.

Цяпер жа, прабываючы ў небе, у непасрэднай блізкасці да вечнай Крыніцы любові, безумоўна, ты яшчэ мацней перажываеш нашыя нягоды. Таму я з вялікім даверам звяртаюся да цябе і прашу аб ласцы, якая мне так неабходна (назваць інтэнцыю).

О вялікі святы, Бог ні ў чым табе не адмаўляе, бо падчас свайго зямнога жыцця ты з вялікаю ахвярнасцю працаваў дзеля Яго хвалы і ўшанавання. Заступіся за мяне, выпрасі для мяне патрэбную ласку, калі гэта будзе карысна для мяне і згодна з Божай воляй. Выпрасі для мяне вытрымку ў добрым, каб калісьці і я мог разам з табою праслаўляць Найвышэйшага Пана і дзякаваць Яму ў  небе. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Святы Яне Боска, маліся за нас.

* * *
Святы Яне Боска, звяртаюся да цябе з асаблівым даверам, бо знаходжуся ў выключнай патрэбе. Ведаю, што без Божай ласкі я не змагу супрацьстаяць грахам і не збочыць са шляху высакароднага жыцця аж да смерці. У гэтыя хвіліны я таксама знаходжуся ў вельмі цяжкай сітуацыі і хачу прасіць цябе ўсім сваім сэрцам аб ... (назваць просьбу).

Пры жыцці ты вельмі моцна ўшаноўваў Найсвяцейшы Сакрамэнт і Марыю Успамогу Хрысціянаў, а таксама ўмеў спачуваць чалавечаму гору. Выпрасі для мяне ў Езуса і ў сваёй нябеснай Маці тую ласку, аб якой цябе прашу.

Аднак не мая, але Божая воля няхай станецца. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Святы Яне Боска, маліся за нас.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Шчыры, сыноўскі, светлы давер Марыі, сталая пабожнасць дазволілі вам пераадолець кожную цяжкасць, быць вытрывалымі, патрабуючымі ў адносінах да сябе.

Св. Ян Боско