Навэнна да св. Яна Боско

  • Першы дзень

    Святы Яне Боско, праз любоў, якою ты палаў да Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і праз руплівасць, з якою Ты пашыраў Яго культ, што праяўляецца ва ўдзеле ў святой Імшы, у частай святой Камуніі і наведванні касцёла, учыні, каб мы, пранікнутыя тым самым духам, практыкавалі гэтыя святыя набажэнствы і кожны свой дзень заканчвалі з эўхарыстычным Езусам у сэрцы. Амэн.
  • Другі дзень

    Святы Яне Боско, праз любоў да Марыі Успамогі Хрысціянаў, якая пры жыцці была для Цябе Маці і Настаўніцаю, выпрасі для нас сапраўдную і пастаянную пабожнасць да Марыі, каб маглі мы заслужыць Яе магутную апеку ў жыцці і ў хвіліну смерці. Амэн.
  • Трэці дзень

    Святы Яне Боско, праз тваю сыноўнюю любоў да Касцёла і Святога Айца, якога ты адважна абараняў ажно да апошняй хвіліны свайго жыцця, выпрасі для нас ласку заўсёды быць годнымі дзецьмі Каталіцкага Касцёла, любіць і шанаваць Святога Айца і ва ўсім быць яму паслухмянымі. Амэн.
  • Чацвёрты дзень

    Святы Яне Боско, праз тваю вялікую любоў да моладзі, для якой ты стаў айцом і настаўнікам, праз гераічную ахвярнасць дзеля яе збаўлення ўчыні, каб мы таксама яе любілі святою і ахвярнаю любоўю. Амэн.
  • Пяты дзень

    Святы Яне Боско, Ты заснаваў Салезіянскае таварыства і Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, такім чынам забяспечыўшы наплыў новых паслядоўнікаў твайго апостальства. Учыні, каб гэтыя дзве манаскія сям’і заўсёды выпраменьвалі паўнату твайго духу і верна наследавалі твае гераічныя цноты. Амэн.
  • Шосты дзень

    Святы Яне Боско, для дасягнення  дасканалых пладоў жывой веры і ахвярнай любові ты заснаваў Асацыяцыю салезіянаў супрацоўнікаў, учыні, каб яны служылі прыкладам  хрысціянскіх цнотаў і сталі выратавальнаю апораю тваіх справаў. Амэн.
  • Сёмы дзень

    Святы Яне Боско, дзеля збаўлення людзей ты выслаў сваіх місіянераў у розныя куткі свету, распалі і ў нас такую ж любоў, каб мы ўмелі шукаць несмяротныя душы і здабываць іх для Бога. Амэн.
  • Восьмы дзень

    Святы Яне Боско, больш за ўсё ты палюбіў цноту чыстасці і сведчыў пра яе прыкладам, словам і пісьмоваю спадчынаю, учыні, каб мы палюбілі яе і клапаціліся пра яе ўсімі сіламі ў нашым асяроддзі. Амэн.
  • Дзявяты дзень

    Святы Яне Боско, ты быў вельмі чулым да ўсялякай людской бяды, глянь на нашыя патрэбы і выпрасі для нас і нашых бацькоў благаслаўленне Марыі Успамогі Хрысціянаў. Няхай Бог дасць нам ласкі, патрэбныя ў жыцці і ў хвіліну смерці. Амэн.

Кожны дзень навэнны молімся:

Ойча наш… Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

С.: Маліся за нас, святы Яне Боско,
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Божа, Ты паклікаў святога Яна Боско, Твайго вызнаўцу, быць айцом і настаўнікам моладзі, па Тваёй таксама волі, з дапамогаю Панны Марыі ён заснаваў у Касцёле новыя супольнасці, учыні, просім, каб мы, палаючы тым самым агнём любові, маглі здабываць душы і служыць аднаму Табе. Праз Хрыста, Пана нашага.

Н.: Амэн.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: Просьбы праз заступніцтва св. Яна Боско »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Араторый без музыкі, як цела без душы.

Св. Ян Боско