Супрацоўнікі

АСАЦЫЯЦЫЯ САЛЕЗІЯНАЎ СУПРАЦОЎНІКАЎ

(Associazione Salesiani Cooperatori ASC)

Заснавальнікам Асацыяцыі салезіянаў супрацоўнікаў з’яўляецца св. Ян Боско (1815 – 1888), вялікі выхавацель моладзі і заснавальнік Сям’і Салезіянскай. У 1859 годзе ён стварыў ў Турыне (Італія)  Таварыства святога Францішка Сальскага. Таварыства займалася апекай і евангелізацыяй беднай і пакінутай моладзі, якой пагражала дэмаралізацыя. “Дай мне душы, ўсё астатняе забяры сабе!” – такім быў дэвіз , які аб’ядноўваў у сабе і пасланне, і стыль працы Апостала моладзі.

Справа кс. Боско распаўсюдзілася надзвычай дынамічна, спачатку ў роднай Італіі, потым – па ўсім свеце. Паўсюль вельмі добра зарэкамендавала сябе распрацаваная заснавальнікам папераджальная сістэма выхавання, якая застаецца актуальнай і сёння.

Разам з мужчынскай супольнасцю з’явіліся і іншыя: жаночая – Дочкі Марыі Успамогі Хрысціянаў (1872 год) , а таксама Асацыяцыя Салезіянаў Супрацоўнікаў (1876 год) – супольнасць, якая аб’ядноўвала свецкіх людзей, яна была заснавана асабіста ксяндзом Боско. Заснавальнік Сям’і салезіянскай добра прачытаў знакі часу задоўга да дэкрэту Другога Ватыканскага Сабору “Аб апостальстве свецкіх”, ён нестамляючыся паўтараў, што ў вінаградніку Божым хопіць працы для ўсіх. Так нарадзілася ідэя стварэння Асацыяцыі Салезіянаў Супрацоўнікаў (ASC) як галіна Сям’і салезіянскай, у якую ўваходзяць свецкія асобы. Яны не ізалююцца ад штодзённга жыцця, не складаюць урачыстых манаскіх абяцанняў, але прымаюць на сябе адказнасць за свет і Касцёл у адным духу з салезіянамі.

Пасля глыбокіх разважанняў над роляй сваіх свецкіх супрацоўнікаў у 1876 годзе кс. Боско распрацаваў Правілы апостальскага жыцця салезіянаў супрацоўнікаў. Ён хацеў усталяваць аператыўнае хрысціянскае аб’яднанне. Слова “супрацоўнік” азначала адзінства з супольнасцю салезіянаў і вырашэнне агульных задач.

Асноўная мэта, якую вызначыў для Асацыяцыі яе заснавальнік, – ў адным духу і сэрцы здзяйсняць важную справу – вялікі план вечнага збаўлення. Прызначэнне і мэта існавання кожнага чалавека – гэта ісці дарогай збаўлення, значыць ісці да спаткання з Богам. Cвятасць – гэта мэта людзкога існавання, значыць, і салезіянаў супрацоўнікаў, якія павінны аб’ядноўваць свае намаганні з намаганнямі законнікаў, асабліва ў справе выхавання моладзі.

“Многія верныя хрысціяне, – пісаў кс. Боско – жадаючы лягчэй дасягнуць дасканаласці і забяспечыць сабе збаўленне, ахвотна пакінулі б свет, каб пазбегнуць небяспекі пракляцця і гарантаваць сабе супакой сэрца, і так жыць у адзіноце і любові нашага Пана Езуса Хрыста. Аднак жа не ўсе пакліканы да такога стану. Многім у гэтым перашкаджае ўзрост, іншым – умовы жыцця, многім – стан здароўя, адным словам,  ёсць шмат іншых перашкод на шляху паклікання. Менавіта для таго, каб адказаць на гэтае распаўсюджанае прагненне, мы прапануем Таварыства св. Францішка Сальскага”

Кс. Боско пастараўся ўвесці ў свае Законныя канстытуцыі раздел аб “знешніх”  членах і лічыў свецкіх супрацоўнікаў і супрацоўніц асобамі законнымі ў свеце, якія раэлізуюць салезіянскую харызму.

Аднак, насуперак намерам, аж да Другой Сусветнай Вайны салезіянаў супрацоўнікаў прымалі, перш за ўсё, як звычайных дабрачынцаў супольнасці.

Толькі атмасфера, у якой праходзіла падрыхтоўка да Другога Ватыканскага Сабору, паспрыяла важным зменам у падыходзе да супрацоўнікаў салезіянаў. У час Пія XII Асацыяцыя была ўпісана да апостальскіх рухаў свецкіх. Затым Сабор паспрыяў аднаўленню Правілаў апостальскага жыцця салезіянаў супрацоўнікаў, якія не змяняліся з часоў кс. Боско. Новая версія Правілаў была затверждана Апостальскай Сталіцай  9 мая 1986 года і праз некалькі дзён (24 мая) абвешчана генеральным настаяцелем. Абазначаны ў іх новыя, адпаведныя выклікам сучаснасці, заданні салезіяніна супрацоўніка, а таксама нанова сфармулявана  яго тоеснасць, духоўнасць, місія і арганізацыя Асацыяцыі.  

Арт. 1 Правілаў апостальскага жыцця сцвярджае, што працаваць у якасці салезіяніна супрацоўніка, гэта значыць адказаць на салезіянскае пакліканне, асаблівым чынам жыць Евангеллем і ўдзельнічаць у місіі Касцёла.

Салезіянін супрацоўнік – гэта католік, які жыве верай у свеце ў апостальскім духу кс. Боско. Маладыя людзі з’яўляюцца для яго асабліва важнай часткай грамадства. Супрацоўнік клапоціцца пра моладзь і жадае паказаць ёй сапраўдныя каштоўнасці. Ён стараецца здабыць давер моладзі, шукае новых шляхоў падыходу да яе і дапамагае ёй рабіць мудры выбар у жыцці.

Ажыццяўляючы сваё пакліканне сярод моладзі і бедных людзей, супрацоўнік застаецца ў адзінстве з іншымі групамі Салезіянскай сям’і і, па меры сваіх магчымасцяў, працуе дзеля дабра Касцёла і грамадства. Такім чынам, супрацоўнік – гэта сапраўдны салезіянін у свеце, свецкі альбо дыяцэзіяльны святар, не звязаны манаскімі абяцаннямі, які рэлізуе сваё асабістае пакліканне да святасці праз служэнне моладзі ў духу кс. Боско. Такім чынам, тоеснасць супрацоўніка мае 3 характэрныя рысы: з’яўляецца хрысціянскай і каталіцкай, свецкай, салезіянскай. Асобы іншых веравызнанняў могуць падтрымліваць і супрацоўнічаць з салезіянамі супрацоўнікамі, але не могуць быць членамі Асацыяцыі.

Уступ да супрацоўнікаў мае апостальскі характар. Супрацоўнік урачыста складае абяцанні, якія папярэджваюць 1,5 – 2 гады падрыхтоўкі. Ён бярэ на сябе абавязак жыць паводле евангельскага плану Асацыяцыі і становіцца яе паўнапраўным членам. Супрацоўнік – салезіянін у свеце, які жадае наследаваць Езуса Хрыста, дасканалага чалавека, пасланага Айцом для служэння людзям і свету. З гэтай мэтай супрацоўнік стараецца ў звычайных умовах жыцця рэалізаваць евангельскі ідэал любові Бога і бліжняга, перад усім, у асабістай сям’і, таму што сужонкі павінны быць першымі сведкамі веры і выхавацелямі, ствараючы разам з блізкімі тое, што Дргугі Ватыканскі Сабор называе “хатнім касцёлам”. Салезіянін супрацоўнік з’яўляецца апосталам таксама і ў асяроддзі парафіі (удзел у разнастайных парафіяльных групах), месцах працы і вучобы.

Апякуецца Асацыяцыяй супрацоўнікаў і аб’ядноўвае яго Таварыства салезіянскае. Па волі  кс. Боско генеральны настаяцель салезіянаў з’яўляецца таксама настаяцелем Асацыяцыі і выконвае ў ёй функцыі галоўнага мадэратара. Ён падтрымлівае яе развіццё і клапоціцца пра тое, каб Асацыяцыя была вернай заснавальніку. Сёння генеральным настаяцелем з’яўляецца кс. Анхель Фернандэс Арцімэ SDB. Разам з саветнікам ён сочыць за супрацоўніцтвам Асацыяцыі з іншымі групамі Салезіянскай сям’і. У выкананні гэтых абавязкаў дапамагае генеральнаму настаяцелю Сусветная Рада Супрацоўнікаў. Сувязь генеральнага настаяцеля з супольнасцямі на месцах забяспечваецца праз салезіянскіх інспектараў, якія ў сваю чаргу звязаны непасрэдна з Інспектарыяльнымі Радамі Супрацоўнікаў праз іх дэлегатаў.

Каб забяспечыць больш плённую працу і супрацоўніцтва паміж інспекторыямі, ў кожнай краіне таксама функцыянуе мясцовая Рада салезіянаў супрацоўнікаў. І нарэшце найменшай адзінкай Асацыяцыі з’яўляецца мясцовыя супольнасці, якія існуюць пры парафіях і дамах законных.

У любых абставінах салезіянін супрацоўнік павінен бескарысліва служыць бліжнім, асабліва моладзі. Павінен быць верным Евангеллю і загадам Касцёла, таму старацца актыўна ўдзельнічаць у грамадскім, культурным, гаспадарчым і палітычным жыцці. Ён адкідае ўсё тое, што вядзе да несправядлівасці, пераследу, выключае насілле, і стараецца выдаліць іх прычыны.

Салезіянін супрацоўнік працуе паводле закліку ксяндза Боско “выхаваць сумленных грамадзян і добрых хрысціян”. Таму ён адкрывае моладзі сапраўдныя каштоўнасці: праўду ,свабоду, справядлівасць, пачуццё супольнага дабра і служэння. Праз веру і ўдзел у сакрамэнтах рыхтуе маладога чалавека да спаткання з Езусам Уваскрослым, каб у Ім убачыў сэнс жыцця. Мэтай салезіяніна супрацоўніка з’яўляецца хрысціянская сталасць выхаванца, каб ён будаваў сваю асобу на Хрысце і Яго пасланні.

Такім чынам рэалізуецца канцэпцыя св. Яна Боско, якая гаворыць, што выхаваўчая місія ў духу “Айца і Настаўніка моладзі” паходзіць ад Бога, які нас кліча і вызначае для кожнага з нас канкрэтнае месца ў Касцёле і свеце.

Асноўныя заняткі супрацоўнікаў: катэхізацыя і хрысціянская фармацыя, анімацыя  моладзевых і сямейных рухаў , арганізацыя моладзевых сустрэч (Дзень моладзі, канікулы, рэкалекцыі, пілігрымкі і інш.); супрацоўніцтва з выхаваўчымі і навучальнымі установамі, далучэнне да праграм па барацьбе з моладзевым алкагалізмам, наркаманіяй, сэксуальнай распушчанасцю, якая прапагандуецца сродкамі масавай інфармацыі і інш.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Салезіянкі Сабраты Салезіяне »

Думкі ксяндза Боско

Усе тыя, хто церпіць пераслед, з’яўляюцца маімі дарагімі сябрамі.

Св. Ян Боско