Серада, 21 Люты 2024 00:11

Люты: Пасланне Генеральнага Настаяцеля кс. Анхеля Фернандэса Арцімэ

Аўтар

І ЗОРКА СПЫНІЛАСЯ НАД ІНВАЛІДНЫМ ВАЗКОМ

Сустрэчы ў дзень Аб’яўлення Пана з цудоўнымі людзьмі з                       

                           добрым сэрцам і ззяючай верай

 

  Дарагія сябры Il Bollettino Salesiano, сардэчна вітаю вас і жадаю ўсяго найлепшага ў новым 2024 годзе, які мы нядаўна ўрачыста распачалі. Шчыра спадзяюся, што гэты год у нашым жыцці будзе напоўнены Божай прысутнасцю і Яго благаслаўленннямі. 

  Я маю звычку, пішучы гэтыя пасланні, дзяліцца нечым, што сам перажыў і што мяне закранула па той ці іншай прычыне. Так, у дзень Аб’яўлення Пана, я быў у сваім родным горадзе Луанка-Астурыяс. У гэтым прыгожым кутку зямлі мне было прыемна сутыкнуцца са сваімі каранямі, з морам, з прыродай, якія былі сведкамі майго нараджэння і ўзрастання, а таксама з маімі суайчыннікамі. У той дзень я меў спраўляць Эўхарыстыю. Мясцовы святар ветліва саступіў мне гэты прывілей, між тым як сам адправіўся ў адну з іншых даручаных яму парафій. Такім чынам, мы змаглі святкаваць гэтую ўрачыстасць у некалькіх хрысціянскіх супольнасцях. 

  Я хачу распавесці вам аб адной раніцы, калі Пан падрыхтаваў для мяне нечаканыя сустрэчы. У іх часе я даведаўся аб становішчы некаторых людзей і маё сэрца напоўнілася ўпэўненасцю ў тым, што Пан суцяшае і ўмацоўвае нават калі боль, хвароба і абмежаванні стала ўвайшлі ў жыццё некаторых людзей. Яшчэ да святкавання Эўхарыстыі я пачаў свой дзень з наведвання аднаго сталага чалавека, які шмат год быў доктарам у маім родным мястэчку. Выдатны доктар нашай сям’і, веруючы чалавек і, акрамя таго, былы салезіянскі студэнт на Саламанцы. Шмат год ён належыў да тых асобаў, аб якіх распавядалі мне мае бацькі, калі звярталіся да яго, як да лекара. 

  У часе гэтага наведвання, якое адбылося па запрашэнні ягонай дачкі, я сустрэў веруючага чалавека. Ён распавёў мне, што, будучы доктарам, мог даваць толькі частку з таго мноства, што атрымаў ад Бога, і што цяпер, калі мае цяжкую хваробу, просіць добрага Бога толькі аб тым, каб дапамог яму падрыхтавацца да сустрэчы з Ім . Яго перакананасць і пакой былі такімі вялікімі, што, ідучы потым святкаваць Эўхарыстыю, я ведаў, што ўжо атрымаў сёння сваю порцыю “добрага слова на вушка”.

 

                                                      У Божых руках

  Але на Эўхарыстыі я сустрэў, як гэта часам адбывалася і раней, трыццацігадовага маладога чалавека, які ў выніку няшчаснага выпадку ўжо шмат год знаходзіўся ў інвалідным вазку. Насуперак гэтаму, ён са сваёй маці адправіўся да Індыі, каб сустрэцца там з найбяднейшымі з бедных. Мой малады сябар уразіў мяне сваімі спакоем, усмешкай і радасцю, якія мае ў сваім сэрцы. Той сапраўднай радасцю, з якой удзельнічае ў штодзённай Эўхарыстыі і з якой прымае Пана. Пры тым што мой малады сябар мог бы мець дастаткова прычын на тое, каб наракаць на “сваё няшчасце”, альбо, што яшчэ горш, абвінавачваць Бога, як гэта мы звычайна робім, калі нас штосьці прыгнятае. Але не, ён проста жыве без гэтага, не шкадуючы сябе і дзякуючы за дар жыцця, нават знаходзячыся ў інвалідным вазку. Кожны раз, калі бачу яго пасля святой Імшы, мы вітаем адзін аднаго. Яго словы - гэта заўсёды словы падзякі, але, найхутчэй, я сам павінны бы быў дзякаваць яму, за яго моцнае сведчанне жыцця і веры ў Пана жыцця, якое ён дае нам усім. 

  Такім прыгожым і чароўным быў мой дзень Аб’яўлення Пана, калі па выхаду з касцёла мяне сустрэла пара сярэдняга веку і пажадала мне ўсяго найлепшага ў новым годзе. Яны таксама мелі радасныя твары; больш радасці і ціхамірнасці я бачыў на мужу (хворым на рак), чым на яго любай жонцы (церпячай з-за яго). Але абодва казалі аб сваёй упэўненасці, што павінны пражываць гэтую хвіліну і хваробу з даверам і адданасцю да Бога. 

  Вера маці

  І напрыканцы, сярод усіх сустрэч, яшчэ адна, апошняя. Да мяне падышла жачына сталага веку і прыпомніла мне, што некалькімі гадамі раней страціла аднаго са сваіх сыноў, які памёр ад цяжкай хваробы, і што цяпер яна сама хворая на рак. Яна папрасіла мяне, каб я падумаў аб ёй перад Панам. Я папытаў, як яна сябе адчувае і яна адказала, што пакутуе, але яе вельмі ўмацоўвае вера. Хачу вас запэўніць, я не ведаў, што ёй сказаць, бо тыя эмоцыі, якія сам адчуваў у той час і сведчанні жыцця, з якімі я сутыкаўся, перапаўнялі мяне і былі вельмі моцнымі. 

  І я не мог не паабяцаць кожнаму з іх сваёй малітвы. Я гэта і рабіў, але ў той самы час я яшчэ больш усвядоміў, што Пан працягвае рабіць вялікія рэчы ў пакорных людзях, у людзях, найбольш пацярпелых ад розных жыццёвых сітуацый, у тых, хто адчувае, што толькі Ён іх сапраўднае суцяшэнне і дапамога. Усё гэта мне здаецца такім важным, што не магу трымаць у сабе. Можа нават скласціся ўражанне, што гэта не тое, аб чым варта пісаць - магчыма, гэта не модна, магчыма, не аб гэтым сёння гавораць - але я кажу аб гэтым, насуперак усяму, што мне перашкаджае дзяліцца і сведчыць аб тым, што з’яўляецца важным, глыбокім і прыносіць надзею да нашага жыцця. 

  Я не ведаю чаму, але інтуітыўна мею падазрэнне, што многія чытачы будуць адчуваць сугучнасць з тым, аб чым пішу і што перажыў сам. Бо тое, аб чым вам кажу, тое, што адбылося ў тую раніцу на свята Аб’яўлення Пана ў малым мястэчку каля мора, адбылося не толькі там. Інымі словамі, гэта частка нашых чалавечых сітуацый, ў якіх Пан заўсёды на нашым баку, калі мы яму гэта дазваляем. 

  Дарагія сябры, я жадаю вам усяго найлепшага. Няспынна верце ў тое, што ў кожнай хвіліне, нават самай найцяжэшай, мы маем падставы спадзявацца. 

 

  Паводле Il Bollettino Salesiano, люты 2024

Думкі ксяндза Боско

Асаблівым чынам клапаціцеся пра дзяцей, людзей хворых, бедных і старэйшага ўзросту, і атрымаеце ва ўзнагароду Божае благаслаўленне і павагу людзей.

Св. Ян Боско